Культурны супраціў: як кіно дапамагае распавядаць свету пра сапраўдную Беларусь
2022-11-18 14:22
Беларускаму кіно больш няма месца ў Беларусі. Адзіную стужку беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Дзесяць жыццяў Мядзведзя”, якая павінна была з’явіцца на “Лістападзе”, знялі з праграмы. Затое ў Польшчы і Украіне беларускае кіно не толькі ідзе, але яшчэ і дапамагае нагадваць суседзям, што Беларусь — гэта не рэжым Лукашэнкі.Еўрарадыё даведалася, як суседзі рэагуюць на беларускія стужкі і чаму кіно патрэбнае нават падчас вайны.
“Праз украінскае кіно зацікавіліся Усходам”
З 18 па 20 лістапада ў варшаўскім кінатэатры Ilusion адбудзецца Фестываль беларускага кіно Bulbamovie. Яго стваральнік Януш Гаўрылюк кажа, што, калі фестываль толькі рыхтавалі, ужо ішла вайна. Таму напачатку была асцярога, як яго ўспрымуць.
— Дзякуй богу, палякі ў Варшаве, думаю, добра разумеюць сітуацыю беларусаў. Яны ведаюць, на якой пазіцыі стаіць Bulbamovie. З таго, што мае сябры кажуць, у горадзе шмат афішаў Bulbamovie і няма сапсаваных фарбай, напрыклад, і ў сацсетках не бачыў каментараў кшталту, “а што вы там муціце беларускае кіно, калі Беларусь удзельнічае ў вайне супраць Украіны?”
Да таго ж, пасля пачатку вайны ў Польшчы паказваюць шмат украінскага кіно. І тут з’яўляюцца як мінімум дзве прычыны, чаму беларускае цяпер мае актуальнасць.
— Мы з сябрамі падумалі, што гэта будзе плюс, бо людзі наеліся ўкраінскага кіно, а па-другое, праз украінскае кіно зацікавіліся Усходам. Я кажу пра польскую публіку. Але як і ў мінулым годзе, я чакаю беларусаў, якія жывуць у Варшаве, таму што праграма ў гэтым годзе вельмі насычаная і фільмы на вельмі высокім узроўні.
Кінафэст дакументальнага кіно "1084. На мяжы" працягнецца ў Адэсе 18 снежня. Яго арганізатарка Аліна Рудзіна кажа, што ва Украіне ўжо былі паказы трох беларускіх фільмаў. Гэта “Тата”, “Кураж”, “Я вырасла, пакуль ты спала”.
— Украінцы, якія былі ў нас на паказах, яны выходзілі, асабліва пасля “Куража”, такія ўражаныя. І я запомніла адну фразу [ад гледачоў. — Еўрарадыё]: “Важна, каб гэты фільм убачыла як мага больш украінцаў”.
Былі пытанні наконт стужкі “Тата”, чаму ўвогуле маладая беларуска ўзялася за тэму Украіны ў 2015 годзе. Мы распавядалі пра гэта. У “Я вырасла, пакуль ты спала” вельмі шмат было параллеляў з украінскай моладдзю, з эміграцыяй, з асяроддзем студэнцкім. Мне падаецца, што мы ўсё добра зрабілі.
Праз вайну ў кінафэста не было вялікай піяр-кампаніі, але арганізатарам атрымалася нават сабраць грошы на дапамогу Украіне.
— Я бачу, што нас вельмі цёпла ўспрымалі, — кажа Рудзіна.
“Мы разам робім культурны супраціў”
Але ці час для кіно, калі ідзе вайна? Суразмоўнікі ўпэўненыя, што гэта яшчэ і карысна.
— Канешне, патрэбнае. Вайна ідзе ўжо 8 месяцаў. Увесь час фестывалі ў Польшчы, у Еўропе адбываліся. Я быў два тыдні таму на адкрыцці ўкраінскага фестываля ў Варшаве, — кажа Януш Гаўрылюк. — І ўсё было: грошы, банкет, фільмы ўкраінскія, паказы, размовы, конкурсы і гэтак далей. То чаму нам не весці фестываль беларускага кіно, калі мы маем такую магчымасць? Гэта вельмі патрэбна. Апрача саміх фільмаў гэта рэклама проста Беларусі. Бо апошнім часам яна знікла з павесткі і асацыюецца з агрэсарам, які разам з Расіяй атакаваў Украіну. Трэба паказваць кіно беларусаў, каб сказаць, што яны ёсць і з добрага боку.
Культурнае жыццё ва Украіне віруе, нягледзячы на вайну, дадае Аліна Рудзіна.
— У Львове кожны дзень ладзяцца імпрэзы і выставы, онлайн і афлайн-івэнты. І ўвогуле мы ладзілі гэты фестываль у бамбасховішчы. Людзі павінны адпачываць ад вайны. І для нас вельмі важна было паказаць знаёмым украінцам, што мы тут, мы разам, у нас агульная мэта і вораг. Мы разам робім культурны супраціў, — рэзюмуе Рудзіна.