- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У красавіку адзначае 75-годдзе вядомы беларускі пісьменнік, майстар прачулай і лірычнай прозы, галоўны рэдактар колішніх «Літаратуры і Мастацтва» і «Нёмана» Алесь ЖУК. Шчыра жадаем яму многіх сонечных вёснаў і снежных зімаў! Перад Новы годам змыла зіму разам з усім яе снегам. І хрышчэнскіх марозаў няма, хаця ветрана, холадна. Толькі зранку закаламуцілася неба і пасля абеду вецер паспрабаваў закруціць мяцеліцу. Шкода толькі, што не надоўга, з малым снегам. Але і на ноч застаўся вецер, насупленае неба без ніводнай зорачкі. Учора заходзіў у «Нёман» да Левановіча. Прымусіў упісаць у пачатак рэцэнзіі, хто такі Стральцоў, што абсалютна не патрэбна, ды і гэтак званая мая кароткая рэцэнзія на «Ядлоўцавы куст» больш падобна на разгорнутую анатацыю ці на добрае чытацкае слова, чым на рэцэнзію.Там жа ў змрочнай баковачцы між сталоў сядзеў Макаёнак плячыма да акна, а збоч у адпрасаваным касцюме, гладка прычэсаны, фізічна здаровы паэт Браніслаў Спрынчан. Няёмка, калі пры табе самім цябе пачынаюць хваліць, нават адзін на адзін, а не прылюдна. Макаёнак, мабыць, гэта зразумеў, калі я перавёў гаворку з маіх надрукаваных у «Нёмне» апавяданняў на Шамякіна, сказаў, што «Атланды і карыятыды» падпісаны ў набор, бо ведаў, што Макаёнак першым чытаў рукапіс. Тады і ён перавёў гаворку на сваіх, спытаўся, што плануюць на бліжэйшыя нумары.