- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сябры! У сумны час пандэмійнай самаізаляцыі заклікаем у бязмежны і вольны свет сучаснай нацыянальнай літаратуры! Яго ўжо амаль два дзесяцігоддзі прэзентуе «Дзеяслоў» — адзіны ў краіне перыядычны часопіс, які аб’ектыўна асвятляе літаратурна-мастацкі працэс, друкуе творы беларускіх аўтараў (і пераклады замежных) — не зважаючы на іх грамадска-палітычныя і эстэтычна-мастацкія прыхільнасці. Дзейнасць «Дзеяслова» накіраваная ў першую чаргу на выжыванне ў краіне свабоднага слова, беларускай літаратуры, абарону права пісьменнікаў і журналістаў на публікацыю сваіх тэкстаў, данясенне да чытачоў праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі пра стан літаратуры і культуры. Сярод аўтараў «Дзеяслова» былі найлепшыя беларускія творцы: Васіль Быкаў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін. Свае новыя творы прапануюць выданню Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Жук, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Андрэй Федарэнка, Адам Глобус ды іншыя літаратары. Шмат увагі часопіс надае публікацыям спадчыны вядомых беларускіх пісьменнікаў: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Кудраўца… За апошнія гады ў Беларусі з’явілася новае пакаленне маладых таленавітых аўтараў, у якіх дзякуючы «Дзеяслову» ёсць мажлівасць выбару: друкаваць свае творы ў падцэнзурных выданнях або ў незалежным.