Літаратурныя прэміі Цёткі і Карласа Шэрмана вяртаюцца!
2025-08-14 19:38
Пачынаецца прыём заявак на прэміі за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову і за найлепшую дзіцячую кнігу. Абедзве прэміі сёлета будуць уручацца за два сезоны: 2023 і 2024. Перамога прадугледжвае грашовы прыз у якасці ўзнагароды.
Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца ў трох намінацыях: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай кнігі».
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» (арыгінальныя аўтарскія творы, напісаныя на беларускай мове) і «Найлепшае мастацкае афармленне» (арыгінальныя і перакладныя кнігі на беларускай мове).
У конкурсах могуць удзельнічаць кнігі, выдадзеныя ўпершыню ў 2023 і 2024 гадах ў папяровым і электронным варыянце, а таксама аўдыякнігі.
Пераможцаў вызначаць прафесійныя перакладчыкі, літаратуразнаўцы і мастакі. Склады журы будуць абвешчаны неўзабаве.
Каб прыняць удзел, неабходна запоўніць форму для заявак:
Прэмія Шэрмана 2023Прэмія Цёткі 2024
Таксама неабходна даслаць электронную версію і вокладку выдання (jpeg) на
litpremiji@gmail.com (у загалоўку ліста пазначыць назву прэміі, назву твора, імя аўтара (перакладчыка, мастака).
Заяўкі прымаюцца да 21 жніўня 2025 года (уключна).
Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад са старажытнагабрэйскай мовы кнігі «Песьня песьняў» і Мікола Раманоўскі за пераклад з польскай кнігі «Кароль» Шчэпана Твардаха. Андрэй Строцаў атрымаў спецпрыз за пераклад з англійскай кнігі «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян» Клайва Стэйплза Льюіса.
Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў». Прэмія ўручаецца з 2016 года. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай «Мышыныя Каляды» у літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай «Мой рыжы Бім» Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі.
А што з прэміяй «Дэбют»?
Прэмія «Дэбют», якую многія чакалі, не знікла — яна трансфармуецца ў стыпендыю для пісьменнікаў-пачаткоўцаў і выдавецтваў, якія маюць на мэце выдаць кнігі аўтараў-дэбютантаў. Падрабязнасці пра перазапуск праекта з’явяцца неўзабаве.
Сачыць за навінамі прэмій можна на сайтах арганізатараў і ў сацыяльных сетках прэмій:
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў Беларускі ПЭН