Беларускі рок-гурт «Volski» дасць вялікі калядны канцэрт у Варшаве. Імпрэза адбудзецца 21 снежня пры ўдзеле запрошаных артыстаў.
Пра падзею, вынікі году і іншыя цікавінкі артыст распавёў нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.
РР: Як адбываецца падрыхтоўка да вялікага канцэрту?
Лявон Вольскі: Як заўсёды – серыя сур’ёзных рэпетыцыяў. Таму што ў гэтым канцэрце шмат часу складаюць калядныя песні. Нейкія мы ігралі калісьці, нейкія ніколі не ігралі. Таму што я ўзяў некалькі традыцыйных беларускіх песняў, якія дагэтуль мы толькі акустычна выконвалі. Ну і давялося ўкладацца, папрацаваць.
РР: Больш за тое, пазначана, што будуць і госці на імпрэзе. Ці можам некаторыя імёны ўжо адкрыць?
Лявон Вольскі: Так, можам. Адзін такі артыст вядомы, і гурт артыстаў. Гэта дзіцячы хор імя Равенскага. Яны выканаюць дзве калядныя беларускія традыцыйныя песні ў суправаджэнні гурта «Volski». І адмысловы яшчэ госць – гэта Аляксандр Памідораў. Мы адэптавалі ягоны хіт 2000 году «Цуд на Каляды». Ну і яшчэ адну песню з гэтага альбому «Святы вечар 2000» – «Глёрыя», там ёсць такая песня. Мы крышачку змянілі яе і прадставім на суд гледача і слухача.
РР: Я так разумею, гэтыя кампазіцыі будуць выконвацца менавіта ў тандэме.
Лявон Вольскі: У песні «Глёрыя» я буду ў рэфрэне падпяваць. А «Цуд на Каляды» няхай Саша сам спявае. Ёсць у мяне эксперыменты ў стылі рэп, але тут не той выпадак, штосьці я падпяю, канешне, я буду клавішнікам у гэтай песні, буду іграць на клавішах.
РР: А наколькі наогул вы любіце іграць на клавішах?
Лявон Вольскі: Я не тое, каб люблю граць на клавішах, але гэта ж маё мінулае. Калісьці з гэтага я пачынаў граць у гурце. І заўсёды не супраць узнавіць гэтыя здольнасці.
РР: А калядныя песні, якія будзе выконваць хор, якім чынам яны выбіраліся? Ці маюць яны нейкую сувязь з творчасцю гурта «Volski»?
Лявон Вольскі: Як зрабілі напрыканцы 99-га году альбом калядных песень «Святы вечар 2000», так з таго часу ніхто, ніякая артыстычная супольнасць, больш не зрабіла каляднага альбому, што вельмі дзіўна. Я насіўся з гэтай ідэяй увесь гэты час. Яна то з’яўлялася, то зноў растваралася паступова. Таму што захілялі іншыя праекты, больш істотныя падзеі, справы на той час, але ў мяне былі некаторыя загатоўкі, якія яшчэ можна адаптаваць песні, сярод іх і гэтыя дзве, адну я выконваў, другая выконвалася ў касцёле Святога Роха, куды я хадзіў калісьці. Называецца яна «Неба і зямля». Яна таксама вядомая. Здаецца, у царкве яе таксама выконваюць, бо яна пазаканфесійная, хрысціянская. І ў праваслаўнай, і ў каталіцкай традыцыі выкарыстоўваецца. І як высветлілася, вельмі шмат адгалінаванняў у прачытанні гэтай песні. Ёсць розныя варыянты. Я быў прызвычаіўся да аднаго варыянту, які выконваў у Святога Роха, ён прасцейшы. А як высветлілася, хор беларускай школы імя Равенскага выконвае іншую версію. Цікавы эксперымент. Я думаю, можна затым скарыстаць, калі атрымаецца зрабіць яшчэ адзін калядны альбом.
Цалкам размова - у далучаным гукавым файле.
Канцэрт гурта Volski пройдзе ў Odessa Club.
Арганізатар – Wild Beat Sound.
Беларускае Радыё Рацыя