Максім Знак і Арцём Шуканаў у Беластоку
2026-04-16 07:54
18 красавіка 2026 (субота)
11:00 | Кніжны кірмаш у Беластоку
Chorten Arena, ul. Słoneczna 1, sala nr 2
«Пентаквантар»
– посткіберпанк-раман: неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, у якім
аўтар спрабуе мадэляваць будучыню. У сваіх разважаннях ён закранае
магчымасці штучнага інтэлекту, этыку ўзаемаадносін чалавека з ім,
прынцыпы працы карпарацый і адказнасць за прыняцце рашэнняў. Зброя,
каханне, пагоні і пошукі бодгісатвы – як і належыць добрай гісторыі –
робяць твор Арцёма Шуканава спалучэннем дынамічнага сюжэту і глыбока
прапрацаванай думкі, што выходзіць па-за межы дзяржаў і ўяўлення.
Аўтар
будуе сваю гісторыю з сапраўдным размахам. Дзеянне вядзе чытача ад
будыйскіх святыняў спякотнага Лаоса да дажджлівых неонавых вуліц Кіёта. З
бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, мы
перамяшчаемся на Мальдывы. А калі Зямля становіцца для гэтай гісторыі
занадта цеснай – праз Індыйскі акіян трапляем да вялікай кветкі Чырвонай
Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё
самае далёкае падарожжа – да планеты Джуніпер.
Мадэратарка спаткання – Дар'я Бялькевіч.
Сустрэча будзе перакладацца на польскую мову.
Магчымасць падпісаць кнігу у аўтара таксама будзе.
А ў нядзелю, 19 красавіка, у вас будзе адразу дзве магчымасці сустрэцца ў
Беластоку з Максімам Знакам і прыгледзецца да яго творчасці з розных
бакоў.
Максім
Знак – беларускі юрыст, праваабаронца і літаратар. Быў юрыдычным
кансультантам апазіцыйных кандыдатаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у
Беларусі ў 2020 годзе. Адразу пасля іх быў арыштаваны і асуджаны на 10
гадоў зняволення паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.
Напрыканцы мінулага года, пасля працяглага міжнароднага ціску, быў
вызвалены і прымусова вывезены з Беларусі.
11:00 | Кніжны кірмаш у Беластоку
Chorten Arena, ul. Słoneczna 1, sala nr 2
На
гэтай сустрэчы гаворка пойдзе пра кнігу "Зэкамерон" – збор кароткіх
гісторый, лістоў і назіранняў, створаных Максімам за кратамі. Яны
спалучаюць у сабе іранічнае і сур'ёзнае, лёгкае і глыбокае, лірычнае і
штодзённае. Ды нагадваюць, як насуперак абставінам, у цеснай камеры і
сярод абсурду, захоўваць сілу духу і творчую свабоду.
Сустрэча будзе перакладацца на польскую мову.
А пасля яе завітвайце на аўтограф-сесію з аўтарам пры стэндзе 79 – Салон Незалежных Беларускіх Выдавецтваў.
17:00 | Беларускі хаб "Новая зямля"
ul. Św. Rocha 5 lok. 32
Вечарам
сустрэнемся ў больш нефармальнай атмасферы ды пагутарым пра музычную
творчасць, паслухаем старыя і новыя песні Максіма, а можа нават
заспяваем разам.
І раніцай, і ўвечары будзе прастора для пытанняў і размоў.
Выбірайце зручны фармат або наведвайце абедзве імпрэзы, – будзем рады бачыць вас!