- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За мiнулыя 20 гадоў вонкавы бок жыцця змянiўся кардынальна. Мы забылiся на дэфiцыт рэчаў, атрымалi магчымасць дакрануцца да сусветнага досведу ў сферы культуры, навукi, найноўшых техналогiй, сталi вальнейшымi ў сваiх жаданнях i праяўленнях. Але цi азначае гэта, што новая форма iстотна змянiла ўнутраны змест? Савецкага Саюза 20 гадоў як няма, а «савок» жывейшы за ўсiх жывых. Я маю на ўвазе, што добрае, светлае i прыемнае з таго, што адзначала сабой тую эпоху, там i засталося, а рознай дрэнi мы пацягнулi з сабой цэлую плойму. Не буду казаць пра згубленыя высокiя мэты, маральныя арыенціры i iдэалы: у свядомасцi тых, хто родам з СССР, гэтыя паняццi назаўжды набылi рысы гумарыстычнага пафасу, хоць i добрыя гэтыя паняццi, i вельмi нам iх не хапае. Найбольшае гора, што мы так i не набылi адказнасцi. Без яе ў сучасным свеце нiкуды, а мы ў масе несамастойныя, прычым на ўсiх узроўнях — ад працы да мыслення. Як прывыклi 70 гадоў хадзiць за правадырамi, так i дасюль шукаем, за кiм iсцi. Былi «дзецi партыi» — сталi просто дзецьмi без партыi, i шчэ не вядома, што горш. Бо што адрознiвае дзяцей? Iмкненне шукаць вiнаватых у сваiх няшчасцях, звычка трымацца за чыюсьцi руку i цвёрдая ўпэўненасць, што заўтра будзе як заўжды.