Маніторынг рэпрэсій у сферы культуры ўвойдзе ва Універсальны перыядычны агляд
2025-09-18 16:40
Маніторынг рэпрэсій у культурніцкім асяродку сёлета таксама ўвойдзе ва Універсальны перыядычны агляд. Гэта — універсальна прызнаны механізм Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), які ўяўляе сабой комплексны і ўсеабдымны агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх дзяржавах-сябрах ААН.
Якая інфармацыя там будзе пра Беларусь — расказвае Таццяна Нядбай з беларускага ПЭНу. У лістападзе ў Жэневе збіраецца асноўная сесія, дзе выступіць і афіцыйная беларуская дэлегацыя:
— Для таго, каб іншыя краіны маглі задаць адпаведныя пытанні, беларускія праваабарончыя арганізацыі рыхтуюць альтэрнатыўныя справаздачы. Беларускі ПЭН выступіў сёлета з такой супольнай справаздачай суаўтарам, але і падрыхтаваў разам з Амерыканскім ПЭНам і Міжнародным ПЭНам сваю справаздачу, якая сканцэнтравана менавіта на культурных правах.
Гэта важны этап, бо патрабаваў грунтоўнай падрыхтоўкі, дадае Таццяна Нядбай. З 2019 году беларускі ПЭН рабіў маніторынг, дзе фіксавалі факты парушэння правоў у сферы культуры. Сёлета гэта інфармацыя трапіць у даклады ААН.
Беларускае Радыё Рацыя