Марыя Грыц: Беласток – гэта трэці горад маёй эміграцыі
2023-01-27 16:33
Марыць наведаць Ельню, пажыць прынамсі год у бацькоўскай хаце, садзіць буякі і, канечне, абняць усіх сваіх родных і суседзяў.
„Госця Рацыі” Марыя Грыц прайшла шлях падвойнай эміграцыі, а цяпер часова „прызямлілася” у Беластоку, дзе актыўна стварае вакол сябе беларускую прастору.
РР: Як складваецца жыццё ў Беластоку?
– Беласток – гэта трэці горад маёй эміграцыі. Спачатку мы жылі пад Кіевам, потым была Варшава і вось цяпер Беласток. Як па мне, Беласток ідэальнае месца для мяне, для маёй сям’і. Хоць можа для сям’і і менш ідэальнае, можа б яны хацелі жыць каля мора, каля гор. Але мне трэба жыць каля мяжы, каб у дзень „вялікага корку” быць першай. Тут столькі шмат рознага беларускага, што я нібыта трошачкі дома.
РР: Адчуваецца большая сувязь з Радзімай?
– У мяне пад вакном касцёл у стылі віленскага барока. Я адчыняю балкон, гляджу, і амаль дома.
РР: Мяжа блізка, беларусаў шмат.
– Стварае настрой не адкладаць далёка валізку.
РР: Быў 2020 год, жаночыя акцыі, ізалятар, суд. Як сёння ўспрымаюцца гэтыя падзеі?
– Гэта не мусіць адбывацца ў цывілізаваным грамадстве ў Еўропе 21 стагоддзя, нельга такое дапускаць. Я спадзяюся, што калі мы вернемся і пачнуцца нейкія рэформы, то першым чынам трэба будзе зрабіць музей з Акрэсціна, каб такога ніколі зноў не адбылося. Мяне затрымалі на жаночым маршы ў 2020 годзе, ужо была восень. Шмат хто з беларусаў кажа, што мне яшчэ пашанцавала. Тады была такая нібыта адліга на Акрэсціна, мне нават кніжку дазволілі ўзяць. Гэта была кніга Бахарэвіча „Дзеці Аліндаркі”. На волі ўсё не даходзілі рукі, а там ужо варыянтаў не было. Мяне гэта кніга падтрымлівала, пакуль яе не забралі. Памятаю выйшла тады з Акрэсціна і думаю, я змагла, я гэта прайшла, усе гэтыя гісторыі пра бялізну, бамжоў, адключэнні. Я была зараджаная, я нікуды не з’еду. Я пабачыла, гэта жахліва, але я змагу гэта пераадолець. А потым мне пачалі пагражаць, што забяруць дзіцёнка. Я зразумела, што я выцягну ўсё, але пагроза дзіцяці яна мяне, канешне, зламіла. Праз год пасля затрымання я проста схапіла дзіцёнка, калі была чарговая аблава на журналістаў, і мы з’ехалі ў нікуды.
РР: Кіеўскі перыяд не быў доўгі?
– Мы з’ехалі літаральна ў першы дзень вайны, ехалі ў Польшчу тры дні.
Беларускае Радыё Рацыя