Масавыя пратэсты ў Грузіі не спыняюцца
2023-03-11 13:59
Масавыя пратэсты ў Грузіі не спыняюцца, хоць патрабаванні пратэстоўцаў за гэтыя дні змяніліся. Цяпер яны патрабуюць адстаўкі ўраду.
Пра тое, што выклікала гэтыя пратэсты, і як разладам у грузінскім грамадстве можа скарыстацца Расея, размаўлялі з нашым сённяшнім госцем – палітычным аглядальнікам, журналістам, які больш за год жыў у Тбілісі, Міколам Бянько.
РР: У Грузіі некалькі дзён ідуць масавыя пратэсты. Патрабаванні пратэстоўцаў на працягу гэтых дзён крыху змяняліся. Прыгадаю, што такой нагодай або трыгерам гэтых пратэстаў стаў законапраект аб “замежных агентах”. На фоне гэтых пратэстаў Парламент Грузіі адмовіўся ад гэтага законапраекта. Пазней пратэстоўцы патрабавалі вызвалення затрыманых, цяпер яны патрабуюць адстаўкі ўраду. Вось паспрабуем разабрацца, што адбываецца ў грузінскім грамадстве і да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Можа, спачатку пра гэтыя пратэсты. Хто выйшаў на гэтыя пратэсты, і чаго насамрэч хочуць для сваёй краіны гэтыя людзі?
Мікола Бянько: Грузінскае грамадства не маналітнае і нечым нагадвае беларускае, калі прааналізаваць сацыялогію. Каля 30% вельмі перакананых людзей (ядро пратэста) падтрымліваюць еўрапейскі выбар, прычым гэта людзі перакананыя, прадэмакратычныя, актыўныя. Вось менавіта яны выйшлі на вуліцу. Моладзь, людзі з вышэйшай адукацыяй, дробныя і сярэднія бізнесмены, тыя, хто працуе на Захадзе (вельмі шмат грузін знаходзяцца ў эміграцыі, але працоўнай).
З іншага боку, ёсць 30% – прыхільнікі, скажам так, прасавецкага рэваншу, людзі прарасейскіх поглядаў, людзі, якія настальгуюць па Савецкім саюзе і вялікім Сталіне. Гэта розныя групы насельніцтва. Але разам з тым яны аб’ядноўваюцца таксама ў вялікую такую катэгорыю, якая ў прынцыпе падтрымлівае партыю ўлады, гэта “Грузінская мара”, і яны, адпаведна, не выходзяць на акцыі пратэсту.
РР: Але гэта старэйшага ўзросту людзі?
Мікола Бянько: Розныя людзі. У адрозненне, дарэчы, ад беларускага грамадства, тут падабенствы сканчаюцца. У нас няма падзелу па ўзросту, няма падзелу па рэгіёнах, то бок ёсць людзі розных поглядаў, у сілу розных абставінаў яны абралі пэўныя палітычныя арыенціры. А ў Грузіі моладзь, людзі 20-40 гадоў часта сустракаюцца з такімі поглядамі дастаткова рэакцыйнымі, як на маю думку, асабліва гэта распаўсюджана ў людзей сярэдняга ўзросту, каля сарака гадоў, якія падтрымліваюць Савецкі саюз, настальгуюць па ім… То бок у Грузіі настальгія па Савецкім саюзе вельмі моцная. Ну, і адпаведна ёсць яшчэ адсоткаў 30-40 пазасталага насельніцтва, якія вагаюцца, але, разам з тым, калі казаць пра агульную тэндэнцыю, то грузіны выбіраюць Еўропу.
РР: Вось акурат гэтыя пратэсты звязаныя менавіта з тым, што грузіны хочуць выбраць Еўропу?
Мікола Бянько: Адзін з фактараў, але, па-сутнасці, закон “Аб так званых замежных агентах” стаў трыгерам, нейкім чынам прымусіў грамадзянаў выйсці на вуліцы і пратэставаць, хоць насамрэч накіпела даўно. І ёсць цэлы такі комплекс праблемаў, якія датычаць і эканомікі, гаспадаркі, сацыяльнай сферы, міжнацыянальных адносін. Тое, што не вырашалася цягам апошніх 3-4-ох гадоў, вось яно назапасілася і, нарэшце, як толькі ўлада прымае вельмі непапулярны закон для вялікай групы насельніцтва, то зразумела, што грамадства палярызуецца, частка з яго выходзіць на вуліцы, і пазасталыя назіраюць і думаюць, куды далучыцца, да якой групы.
РР: А чаму ўлады сябе так павялі? Яны фактычна пайшлі на канфлікт з гэтай даволі вялікай часткай грамадства.
Мікола Бянько: Вось гэта вельмі цікавае пытанне. Пастаянна яго аналізую, думаю, навошта партыя ўладаў пайшла на такі непапулярны крок маючы пэўны рэзерв легітымнасці? Таму што ў адрозненне ад Беларусі, партыя ўлады абраная дэмакратычным шляхам і мае бальшыню ў Парламенце, кантралюе розныя структуры, у тым ліку сілавыя. Здаецца, усё пад кантролем і навошта правакаваць грамадства на такія рэчы, на радыкалізацыю, якая можа быць скарыстана той жа Расейскай Федэрацыяй як прэтэкст для розных негатыўных сцэнароў?
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя