«Масеева кніга» — на сайце Kamunikat.org. Падарожжа з Менску ў Мінск
2025-05-21 21:09
Апошнія падзеі ў свеце паказваюць, што антыўтопіі кшталту «1984» Джорджа Оруэлла — тое, што можа здарыцца з намі ў рэальным часе. Зрэшты, гэта ўжо было калісьці практыкай тут, на ўскрайку імперыі... Можам узгадаць і паўтарыць?
«Масеева кніга» — гэта не «Архіпелаг Гулаг» Аляксандра Салжаніцына і не «У кіпцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча. Нешта побач. Паміж... Нешта да болю блізкае беларусам 2025-га. Памежжа.
Паэт, пісьменнік, перакладчык і намінант на Нобелеўскую прэмію... Масей Сяднёў (1913–2001) — аўтар многіх кніг паэзіі і прозы, журналіст. У 1992 годзе ў менскім выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет перавыданне яго паэтычнай кнігі «Патушаныя зоры», а яшчэ праз два гады — «Масеева кніга», якую склалі ўспаміны, эсэ, старонкі дзённіка, біблейска-іранічныя вершы, пераклады з Мікеланджэла, эпісталярый.
Праўда, да разумення і прызнання на Радзіме быў лагер, а потым надарыліся вайна і чужына... Арыштаваны 21 кастрычніка 1936 года за дэклямацыю верша Якуба Коласа падчас абмеркаваньня праекту сталінскай канстытуцыі, Сяднеў быў сасланы на Калыму. Паміж затрыманнем і Поўначчу было шмат розных гісторый.
Былі Арышты (паэты Чарот, Хадыка, Дудар, Кляшторны, Маракоў...), самагубствы (Чарвякоў, Галадзед...), непасрэдна турма і прысуд (6 год пазбаўлення волі і 3 — пазбаўлення выбарчых правоў). І ён распавёў пра ўсё гэта. І пра Беларусь 1930-х.
Дзякуючы Сяднёву, мы бачым Сымона Баранавых (рэдактар часопісу «Беларусь калгасная») — у белых нагавіцах на менскіх вуліцах, а потым — у «цяплушцы» Масква-Уладзівасток. Тут ён літаральна «расказаў» Масею Сяднёву сюжэт свайго новага рамана «Калі ўзыходзіла сонца». Складаная фабула! Бачым яшчэ маладога і гордага Уладзіміра Хадыку тамсама, у Менску, і яго ж — у Новаіванаўскім лагеры, каля грубкі ў бараку. Сяднёў захаваў іх светлыя вобразы для нас. Вобразы, якія спрабаваў знішчыць рэпрэсіўны савецкі рэжым. І Сымон Баранавых, і Уладзімір Хадыка загінулі ў лагеры.
«Магілёў, Орша. Эшэлон. Не кармілі. Крымінальнікі крычалі на ўвесь голас і страшэнна лаяліся, палітычныя сядзелі, замазаўшы рот, — ім забараннялася патрабаваць, яны маглі толькі ветліва прасіць. Холад катаваў з суровасцю НКУС. Марыінск, Навасібірскай вобласць, Іванаўскія канцэнтрацыйныя лагеры. Тры тыдні ў «ліцейцы»
Вывезены на Калыму, Сяднёў думаў, што ніколі ўжо не пабачыць свой Менск, але — давялося! Праз шмат год. Старога Менску ўжо не было, быў Мінск — вялікі і прыгожы горад заходнееўрапейскага тыпу. Усё было няблага — прыязныя людзі, цікавыя сустрэчы, але... Суцэльная небеларуская гаворка.
І тая Беларусь, якую ён некалі ведаў, некуды з’ехала. Ці вернецца яна і калі? Пытанне з 1990 года балюча драпанула ў 2025 годзе. Усё змянілася. І ўсё засталося ранейшым. І па-ранейшаму нас ратуюць кнігі — свае і чужые. У прыватнасці, могуць уратаваць, калі ім даць шанец.
Сцеша Лісоўская, Kamunikat.org