- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёлета Рыгору Сітніцы споўнілася 60 год. Да юбілею прымеркаваная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі. Рэдка, але здараецца, што людзі творчых прафесій, маючы права на юбілейную персаналію, ад такога гонару адмаўляюцца. Бо ганарыцца асабліва няма чым. Узрост нібыта паважаны, а як азірнешся —дык, як казала адна мая знаёмая, згадаць ёсць што, але дзецям няма чаго расказаць. У гэтым іранічным выслоўі адлюстраваная банальная рэчаіснасць: «гамбургскі рахунак» не для ўсіх. Мяркуючы па выставе, Рыгор Сітніца часу не марнаваў, і яму ёсць што расказаць як калегам па творчым цэху, так і паспалітаму гледачу. Ён цікавы і людзям свайго пакалення, і наступнікам. Больш таго, творчасць Рыгора Сітніцы, на маю думку, з’яўляецца вобразным асэнсаванне цэлага перыяду гісторыі краіны і перакладам на зразумелую людзям мову стрыжнёвых пастулатаў нашай нацыянальнай ідэі. Непасрэдным настаўнікам Сітніцы ў Акадэміі (па тым часе — Тэатральна-мастацкім інстытуце) быў таксама класік — Васіль Шаранговіч, ад якога малады мастак мог навучыцца грунтоўнасці пры распрацоўцы тэмы і здольнасці дасягнуць эстэтычнай выразнасці без звароту да штучных эфектаў і пры максімальнай захаванасці аўтэнтычнага ладу. Дыпломная работа Сітніцы, якую ён абараніў у 1982 годзе, называлася «Беларускія народныя ўмельцы». Нагадаю, што ў гэты час не толькі ў Беларусі, але ва ўсіх савецкіх рэспубліках былі надзвычай актуальныя этнаграфічныя матывы.