- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выставу адкрывае праект Таццяны Ткачовай «Сезоны Веры». Гэтая серыя партрэтаў 91-гадовай Веры Зянько — прамая фатаграфія з характэрнымі для гэтага жанру аб’ектыўнасцю і дэталізацыяй. Рэчыўным складнікам партрэтаў і іх галоўным фокусам становяцца ўборы галоўнай гераіні, яе калекцыя, якую яна збірала ўсё жыццё. Кожная з гэтых рэчаў — радок у дзённіку памяці. Мы амаль чуем голас Веры, калі яна распавядае пра сябе: «...Упершыню я ўбачыла сябе ў люстэрка, калі мне было каля дзесяці гадоў. Не памятаю сапраўды. Мы прадавалі яўрэям шчаўе. У іх у хаце было люстэрка. Я знервавалася, калі ўбачыла сваё адлюстраванне, таму што была бледная, худая і апранутая ў брыдкае паліто. Прыбегла дахаты і плакала. Мама падвяла мяне да вядра з вадой і сказала, што я — самая прыгожая...» Яе маналог надае праекту трохвымернасць, глыбіню. Перад гледачом праходзіць цэлае жыццё з таго моманту, калі маленькая Вера ўпершыню ўзіраецца ў люстэрка — і гэта вельмі прыгожы лірычны вобраз, — праз важныя вехі, кожная з якіх нагадвае пра сябе сукенкай, аксамітным паліто, квяцістай хусткай. «Гэта канец майго жыцця. Усё важнае ўжо было і прайшло. Дзяцінства, голад, вайна, каханне, дзеці». На заключным здымку ўвасоблена адзенне, якое Вера падрыхтавала для апошняга шляху. Самой Веры на фатаграфіі няма, і тое моцны аўтарскі ход: гэтая старонка дзённіка яшчэ не напісана. Надзвычай кранальна: сярод таго, што носіць і захоўвае Вера, ёсць рэчы яе блізкіх.