- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пра ўплыў на рынак, на грамадства пытанне не ставілася. Маштабныя праекты — размінка для дызайнераў, спроба ўцягнуць іх у творчае жыццё, не звязанае з заказамі, нагода праявіць фантазію. Адначасова гэта сродак PR і рэкламы, таму што многія ўдзельнікі прыносяць не толькі арт-аб’екты, але і прадметы, якія могуць знайсці свайго пакупніка. Падзея становіцца пляцоўкай для прэзентацыі новых распрацовак, для іх прамоцыі ці хаця б фіксацыі. Для таго каб увайсці ў Саюз мастакоў, трэба ўзяць удзел у 10 выставах, і для членаў нашага саюза гэта таксама важна. Нам цікава, што праект сінтэтычны. Крэсла прадстаўлена і як прадмет дызайну, і як арт-аб’ект, і як вобраз у іншых відах мастацтва, нават у паэзіі, тэатры (тэатр «Мусташ») і музыцы (гурт «Нагуаль»). Сустрэчы, абмеркаванні, прэзентацыі зрабілі «Пастулат» камунікацыйным. Апошні год яго паглядзелі каля 10 000 чалавек, і гэта самая шырокая публіка, для якой наведванне выставы мела эмацыянальны водгук. З улікам шматлікіх публікацый і перапостаў у сацсетках атрымліваецца, што падзея займела шырокі рэзананс. Цікавасць і да чацвёртага «Пастулата» як доўгайгральнага праекта не астыла, а ў будучыні можна спрабаваць альбо пашыраць тэматыку, альбо, наадварот, звужаць задачу. Напрыклад, прысвячэннем якой-небудзь падзеі, тэме ці асобе, УНОВИСу або матэрыялу — скажам, крэсла з пяску або экакрэсла. А калі ёсць агульная мэта, ёсць шанец павялічваць кола ўдзельнікаў, далучаць новых людзей.