- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёння, калі пішу гэтыя радкі, зноў перажываю тыя пачуцці… Збольшага я ведаю творчасць Гаўрылы Харытонавіча, маю ўяўленне пра варункі ягонага жыцця і стасункі з калегамі і глядацкай грамадою, але ён застаўся для мяне таямніцай — і як асоба, і як мастак. Здавалася б, само жыццё вяло таленавітага хлопца з беларускага Палесся ў бок Кіева. У любым выпадку на поўдзень. Ад Гомеля да Кіева бліжэй, чым да Мінска. Прытым што Кіеў у часы юнацтва і маладосці Вашчанкі паводле культурнай насычанасці значна пераўзыходзіў Мінск. У 1948 годзе Гаўрыла Вашчанка скончыў Кіеўскую мастацкую вучэльню прыкладных мастацтваў. Ужо на трэцім курсе ён бярэ ўдзел у манументальнай аздобе будынка Вярхоўнай Рады Украінскай ССР. Па заканчэнні працуе на кінастудыі імя Даўжэнкі. Далей — вышэйшая адукацыя, Львоўскі інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва (скончыў у 1955 годзе) і размеркаванне ў Малдавію. Там ён выкладае ў Кішынёўскай мастацкай вучэльні. Робіць манументальныя роспісы ў Кішынёве і Маскве. І раптам пераезд у Мінск… Дагэтуль не разумею, што прымусіла мастака сарвацца з уладкаванага месца, ад гарантаванай кар’еры і ўсталяванага побыту. Магчыма, уласцівы творчым асобам авантурызм. У 1961 годзе ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ствараецца кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якую Вашчанка па запрашэнні Уладзіміра Стальмашонка і ўзначаліў. Дарэчы, адпрацаваў Гаўрыла Харытонавіч на гэтай кафедры 36 год.