Міхал Бараноўскі прэзентуе перавыданне дэбютнай кнігі вершаў
2025-08-07 16:46
У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла перавыданне дэбютнага зборніка вершаў «Volumen.1» паэта і музыкі Міхала Бараноўскага. Прэзентацыя кнігі і сустрэча з чытачамі з назвай «Месца моцы» абудзецца 15 жніўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
«Як рыхтаваліся, то перачытаў змешчаныя ў кнізе творы і сораму не адчуў. Цяпер, магчыма, некаторыя наіўна-рамантычныя радкі я б і не напісаў, ці сфармуляваў бы іначай, але ад напісанага не адмаўляюся, бо сутнасна ўнутры нічога не змянілася», — рэфлексуе з нагоды перавыдання аўтар.
«Месца моцы»
15 жніўня, 19:00
Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Менск, вул. М. Багдановіча, 7а)
Падчас прэзентацыі кнігі Міхал Бараноўскі пачытае, паспявае песні з праграмы «Месца моцы», а таксама запрашае наведнікаў паразважаць пра часовасць і пазачасавасць паэзіі, даведацца пра музейныя планы, набрацца сілы і натхнення.
Уваходны квіток — 10 рублёў.
Кнігу можна набыць у Менску ў кнігарні «Акадэмічная кніга», а таксама замовіць праз сайт
Kniger.by ці прыдбаць у ГЦ «Купалаўскі», ралеты 41— 42 (ст. м. Кастрычніцкая).