«Мінск у мастацтве. Вобразы горада». Выйшла з друку кніга Сяргея Харэўскага
2023-11-19 20:42
Мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры, культуролаг Сяргей Харэўскі выдаў ілюстраванае даследаванне «Мінск у мастацтве. Вобразы горада розных эпох», піша @PENBelarus. У кнізе аўтар аналізуе творы мастакоў, прысвечаныя сталічным краявідам.
«Мяне непакоіла, што мастацкія вобразы Віцебска і Вільні добра вядомыя і шматкроць тыражаваныя, а пра Мінск такой працы ніхто не рабіў. Я пераймаўся, раўнаваў да іншых гарадоў і пакрысе збіраў, назапашваў матэрыял. Урэшце, я добра знаёмы з многімі творцамі, якія стваралі вобраз нашае сталіцы — светлае памяці Арленам Кашкурэвічам, Васілём Сумаравым ды многімі іншымі. Да таго ж некаторыя мастакі — Дзяніс Раманюк, Адам Глобус, Павел Татарнікаў, Уладзімір Сцяпан — мае даўнія сябры... Навуковыя рэцэнзенты ў Беларусі і Літве высока ацанілі гэты корпус тэкстаў. Значыць, высілкі былі не марныя. І вось... маем!», — згадвае аўтар кнігі.