Міра Лукша атрымала стыпендыю Беластока і рыхтуе новую кнігу
2025-02-01 16:15
Беларуская паэтка, пісьменніца, перакладчыца, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Міра Лукша сёлета трапіла ў спіс 30-ці асоб, якія атрымалі творчую стыпендыю прэзідэнта Беластока.
Дзякуючы гэтай падтрымцы Міра плануе напісаць і выдаць новую кнігу вершаў. У планах – сто вершаў, і гэтая праца ўжо распачатая.
РР: Віншуем Вас з гэтай стыпендыяй! І першае пытанне, якія планы маеце як гэтую стыпендыю выкарыстаць?
Міра Лукша: Дадам, што сярод стыпендыятаў апынулася чацвёра беларусаў – гэта я, Анэта Прымака, Уладзімір Арлоў і Антон Ільін. Мы маем свае планы. У мяне гэта будзе том паэзіі, ён напісаны на польскай мове і ён будзе вельмі беларускі. Па-польску называецца „Ścieg krzyżowy” – гэта як вышыўка крыжыкам, таксама ўдар шабляй – крыжовы метад, таксама гэта скрыжаванне сцежак, духу, гісторыі на тэрыторыі Беластока, мяжа Вялікага Княства Літоўскага і Падляшша, сам горад Беласток вельмі істотны. Тое, што было ў мяне і раней: ёсць жанчына, ёсць гісторыя, ёсць прырода, ёсць сувязь паміж прыродай і чалавекам і прыродай і раслінамі, звярамі – ад мурашак да зубра. Я ўжо пачала працаваць, ужо ўзнік першы верш – гэта пра абрадавы ручнік. І ён на польскай мове, але ён абсалютна беларускі. І вось запланавала сто вершаў. Але я не хачу паўтарацца, бо пэўныя матывы ёсць у мяне на працягу гэтых пяцідзесяці гадоў творчасці. Вядома, што хачу, каб было нешта іншае, іншы погляд на гэта ці паглыбленне ў тэму. Я працую над гэтым, але як казала Уршуля Козел, “вершы не выседжваюцца, яны прыходзяць” з космасу ці ты ўвогуле ходзіш, а ён ходзіць за табою.
РР: У межах гэтай стыпендыі паўстане ўжо сама кніга?
Міра Лукша: Гэта запланавана. Гэта напісанне гэтай кнігі і падрыхтоўка да друку. Рыхтуем зборнік. Большасць стыпендыятаў стараюцца кніжачку выдаць. Спадзяюся, што мне ўдасца, я мушу зрабіць гэты зборнік да канца гэтага года і разлічыцца з гарадской радай Беластока.
РР: Тут, можна сказаць, натхненне павінна спалучацца з гэтым планам.
Міра Лукша: Так. Чаму я ўвогуле падала гэтую заяву на стыпендыю? Недзе ў верасні знайшоў мяне гэты верш „Ścieg krzyżowy” пра абрадавы ручнік. Ёсць героі, якія паспрыялі мне – гэта Ліда Дамброўска, Марыся Томчук і іншыя дзяўчаты, якія займаюцца ткацтвам і вышыўкай. Гэта пра іх і іх бабуль, а я ведаю таксама бацькоў іх і бабуль. Гэта вельмі звязана з родам нашым. Я не гавару, што гэта толькі беларускі род, але гэта наш род, тутэйшы. І верш пачаў пісацца, і я бачу, добра, я маю задуму такую і такую. І ў апошні дзень, калі можна было падаць заяву, я ўжо адчувала сябе вельмі кепска, бо мяне грып браў, села ў таксі і завезла заяву ў гарадскую ўправу. Ці я думала што атрымаю стыпендыю? Не, я не была ўпэўнена. Бо я калісьці чатыры ці пяць разоў складала, і нават атрымала адказ ад камісіі, што падаўца не ў змозе зрабіць гэтай кнігі. Гэта была кніга “Радаслоў”, якую ў наступным годзе выдала Варшава і яна атрымала ўзнагароду прэзідэнта горада. Гэта ж усё для нас, для Беласточчыны, для горада Беластока. Гэта цаглінка для культуры. І гэтая ўзнагарода для нас усіх – для беларусаў. І адзначылі гэта, што беларусы атрымалі. Бо раней гэта было вельмі-вельмі рэдка.
Міра Лукша – аўтарка двух дзясяткаў кніг вершаў і прозы, лаўрэатка літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага за 2017 год. У снежні Міра адсвяткавала 50-годдзе сваёй творчай дзейнасці, была адзначана міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя