Госця Рацыі – рэпарцёрка, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, пісьменніца, лаўрэатка беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця Ганна Кандрацюк-Свярубская.
Нагодай для сустрэчы стала новая кніжка пісьменніцы “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”, выдадзеная Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. Яна будзе прэзентавана падчас беластоцкага Кніжнага кірмашу 26 красавіка.
РР: Гэтую кніжку Валянціна Аксак назвала Вялікай падарожнай кнігай Ганны Кандрацюк. Ці ты пагаджаешся з гэтым пазначэннем? Кніга пісалася доўга. Ты сапраўды многа вандравала і ў рэальным свеце, і ў віртуальным.
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Мне падабаецца гэтае падвядзенне – Падарожная кніга, таму што тут адразу ўзнікаюць асацыяцыі з перыядам Рэнесансу, дык яшчэ гэтая перспектыва пашыраецца. А праўда такая, што я можа ад пачатку сваёй творчай дарогі пішу гэтую кнігу. Што цікава, калі я пэўныя запіскі з мінулага састаўляла сучасным светам, то мне паказалася, што там ёсць адна энергетыка і ўсё да сябе неяк пасуе.
РР: Ты не з’яўляешся тым рэпарцёрам, якія вызначаюць сабе адкрыць нейкія сухія факты ці сухую праўду: што, дзе, калі. У цябе заўсёды ў кніжках многа эмоцыяў і пачуццяў.
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Дакладна так. Гэта мэтанакіравана, таму што кожны асацыюе рэпартаж з фактаграфіяй. І калі нехта прымае такі вобраз рэпартажу, дык гэта па сутнасці адзін перапісвае другога. А для мяне рэпартаж – гэта фактаграфія плюс атмасфера, жыццё, сучаснасць. І перш за ўсё рэфлексія. Эмоцыі – гэта мелодыя для тэксту. Бо тэкст мусіць граць, мусіць закранаць чытача. У літаратурным рэпартажы ёсць для аўтара вялікае поле. Ён можа паказаць сваю перспектыву. Думаю, што ў мяне цягам гэтых гадоў ёсць сваё бачанне рэпартажу.
РР: У папярэдніх тваіх кніжках, асабліва ў “Прысценку старога лесу”, ты прыслухоўваешся да простага чалавека, які жыве побач з намі, які гаруе, радуецца, і пра якога можа акрамя цябе ніхто больш і не згадаў бы. У гэтай кніжцы крышку іншы ключ. Тут людзі знакавыя для сённяшняй Беларусі, для Падляшша, для Польшчы. Які быў ключ падборкі гэтых герояў, партрэты якіх увайшлі ў кнігу?
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Гэта волаты духу і людзі, якія родам пераважна з Падляшша. Акрамя Алеся Пушкіна і Юркі Гіля. Таксама мне было цікава паказаць, наколькі Беласточчына дала многа людзей для беларускай культуры, беларускай гісторыі, думкі пра ідэю Беларусі. Усё гэта ў нас як бы побач. Я сама паехала ў Мастаўляны, калі пачытала паліцэйскія запіскі пра Студзеньскае паўстанне. І тады я сама перад сабой зразумела, што я нічога пра Кастуся Каліноўскага не ведаю. Думаю, асноўнае паказаць, наколькі памяць пра гэтыя асобы паўплывала на стварэнне ідэі. І на тое, што мы тут, на Беласточчыне, усё ж такі захаваліся. Бо калі ўваходзіш у гэтыя партрэты, то часам на цябе падае чорны змрок, кашмар. А ўсё ж такі яны з гэтага выходзяць. І пераважна ёсць так, што яны пасля смерці не забытыя, а многія кананізаваныя.
РР: Ты гаворыш тут пра Марыю Петручук са Шпакоў ды іншых ахвяр крывавага рэйду “Бурага”, якіх кананізавала Праваслаўная Царква ў Польшчы. І памяць пра якіх па крупіцах стала аднаўляцца зусім нядаўна.
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Так, я была пры гэтай трагедыі ад пачатку. І я памятаю тую самотнасць, неразуменне, апрача беларускіх медыяў ніхто гэтым не цікавіўся. Проста думаю, што на нас глядзелі, як на нейкіх шаленцаў. Але гэта ўсё паказвае, што гэтыя крокі, якія можа штодзень і непрыкметныя, яны далі свой плён. І сёння мы ўжо ў такім месцы, што палова Польшчы за намі. Гісторыя ўшанавання памяці на нашых вачах, пры нашым жыцці. І я палічыла, што гэта важная тэма, можа адная з самых важнейшых, якая кшталтавала нашае пачуццё адметнасці, але таксама такая тэма, якая сама сябе ўжо будзе бараніць. Бо пэўныя рэчы зрабіліся фактаграфіяй.
Цалкам размова - у далучаным файле!
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя