На фэсце “Летуцень” прэзентуюць навінкі ад выдавецтва Gutenberg
2025-07-15 18:57
Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад і прэзентацыю дзвюх навінак 26 ліпеня на фэсце «Летуцень», які пройдзе ў Кракаве. Гэта будуць кнігі, якія летась перамаглі ў конкурсе рукапісаў «Шуфлядка»: «Цягнік да Познаня» Аляксея Правалоцкага і «Хто ты, дрон?» Ганны Кручковай.
Зборнік эсэ «Цягнік да Познаня» Аляксея Правалоцкага перамог у конкурсе рукапісаў «Шуфлядка» ў намінацыі «Нон-фікшн» за 2024 год. Гэта другая кніга аўтара (дэбютны зборнік «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» выйшаў у 2024 годзе).
У новай кнізе вас чакаюць пяцьдзясят гісторый пра жыццё без каталіцкага пашпарта і спробу намацаць абрысы новай краіны. Гэта серыя партрэтаў сапраўдных людзей, збольшага палякаў, выхапленых у розных польскіх гарадах і прапушчаных праз эмігранцкі досвед, настальгію і водгалас беларускай траўмы. Некаторыя персанажы з’яўляюцца толькі раз, некаторыя ўсплываюць у розных гісторыях.
Мастак вокладкі Юра Таўбкін.
У тым жа 2024 годзе ў конкурсе ў намінацыі «Творы для дзяцей» перамагла Ганна Кручкова з кнігай «Хто ты, дрон?», якая падыйдзе дзецям ад 9 да 12 гадоў.
2028 год. Адзінаццацігадовая Паліна жыве ў мястэчку каля запаведніка, і яе займаюць тры важныя пытанні.
1. Чаму ваўкі раптам пачалі выходзіць з лесу і нападаць на людзей?
2. Адкуль узяўся дзіўны аўтаномны нейрадрон, які раптам прызямліўся на яе дах?
3. І галоўнае: што стала з бацькам, які знік у джунглях, ратуючы звяроў ад браканьераў?
У пошуках адказаў Паліне давядзецца раскрыць страшнае злачынства і даведацца неймаверную праўду, якая разарве ёй сэрца, але і адкрые дзіўны свет.
Кнігу праілюстравала мастачка Кацярына Першына.
Абедзве кнігі можна замовіць проста цяпер
праз сайт выдавецтва (Цягнік да Познаня" Аляксея Правалоцкага і «Хто ты, дрон?» Ганны Кручковай). Адпраўка поштай пачнецца 28 ліпеня.