На паграніччы Польшчы і Літвы ў выхадныя загучыць беларуская мова
2024-06-28 14:30
28-30 чэрвеня у Сейнах і Краснагрудзе пройдзе фестываль «Вялікае Княства Паэзіі», які сваёй назвай перакідвае мост у часы Вялікага Княства Літоўскага.
Фестываль «Вялікае Княства Паэзіі» (Wielkie Xięstwo Poezji) па традыцыі пройдзе 28-30 чэрвеня ў Сейнах і Краснагрудзе, каля граніцы Польшчы з Літвой, там, дзе ў старажытныя часы жылі яцвягі, чые нашчадкі ўліліся ў тры сучасныя народы — літоўцаў, палякаў і беларусаў. Таксама тут, пад Сейнамі і Краснагрудай, праходзіла гістарычная граніца Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер праходзіць дзяржаўная граніца Рэспублікі Польшча і Літоўскай Рэспублікі. Да таго ж, гэта землі сучаснага Падляшскага ваяводства РП, дзе пражываюць таксама беларусы, на поўдзень, у кірунку Беластока. Інакш кажучы, перад намі рэгіён шматмоўны, шматкультурны.
Рыгор Ліс, студэнт аддзялення балтыстыкі кафедры агульнага, знакавага і балтыйскага мовазнаўства факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, разам з выкладчыкамі і іншымі студэнтамі аддзялення балтыстыкі 20-24 чэрвеня пабываў у Сейнах і Краснагрудзе, дзе ідзе падрыхтоўка да фестывалю «Вялікае Княства Паэзіі».
Госці з аддзялення балтыстыкі Варшаўскага ўніверсітэта, апрача таго, наведалі літоўскую гімназію ў Пуньску, сустрэліся з дырэктарам школы, старастам гміны Пуньск і старшынёй Таварыства літоўцаў Польшчы, удзельнічалі ў злёце фальклорных калектываў, пабывалі на археалагічных аб’ектах яцвягаў і прусаў, вучыліся танцаваць, спяваць і ткаць. Скончылася вандроўка святам Купалля, якое аб’ядноўвае палякаў, літоўцаў і беларусаў.
Рыгор Ліс з жалем адзначае, што літоўская мова ўсё радзей гучыць у гэтым краі, зрэшты, як і беларуская ў Падляшскім ваяводстве Польшчы.
Фестывалі нацыянальных культур, у т.л. «Вялікае Княства Паэзіі», — гэта нялішняя спроба напомніць пра моўна-культурныя карані мясцовага насельніцтва.
Польскі паэт з літоўскімі каранямі Чэслаў Мілаш, які стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, быў прыхільнікам захавання літоўскай і беларускай моўна-культурнай спадчыны. У Краснагрудзе быў маёнтак, першым уладальнікам якога з роду Кунатаў, з якога паходзіла маці Чэслава Мілаша — Вэроніка, быў Тэофіль Кунат, а затым — яго нашчадкі, у якіх двор адабралі нямецкія акупанты падчас Другой сусветнай вайны за польскую патрыятычную падпольную дзейнасць.
Рыгор Ліс разам з аднакурснікамі і педагогамі з аддзялення балтыстыкі Варшаўскага ўніверсітэта з цікавасцю наведалі Краснагруду.
А фестываль «Вялікае Княства Паэзіі» ўжо некалькі гадоў запар арганізуе цэнтр «Пагранічча — мастацтва, культур, нацый» (Pogranicze — sztuk, kultur, narodów) і фонд «Пагранічча». Сёлета тут вас чакаюць лекцыі і дыспуты, у якіх прымуць удзел аўтары з Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Напрыклад, літовец Міндаўгас Квяткаўскас і беларусы Андрэй Хадановіч і Сяргей Шупа раскажуць пра яўрэйскага пісьменніка Мошэ Кульбака, які пісаў на мове ідыш і працаваў у даваенных Вільні і Менску.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё