- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Таленавітым, высакародным, дасціпным застаўся ў памяці кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, з якім добры лёс падараваў мне нямала сустрэч, творчых кантактаў, сумесных паездак. Зрэшты, з іх, шматлікіх, так бы мовіць, дзелавых вандровак, і пачыналіся нашы сяброўскія стасункі. У 1986 годзе Эдуард, якога ў колах творчай інтэлігенцыі проста і сардэчна называлі Эдзікам, знайшоў мяне і прапанаваў разам з ім і Яраславам Еўдакімавым выступаць па лініі таварыства кнігалюбаў (была такая арганізацыя) з канцэртамі. Тады ён з сям’ёю жыў у Зялёным Лузе, недалёка ад мяне. Якая мне адводзілася роля ў нашай тройцы? Чытаць вершы. Якраз быў час гарбачоўскай перабудовы, як мне тады здавалася, «пара выгнання з кабінетаў усіх дзялкоў і прайдзісветаў, пара высакароднай мэты і непадкупнага пяра». Я падзякаваў Зарыцкаму і даў згоду выступаць, разумеючы, вядома, сваю адказнасць запявалы: я павінен быў распачынаць канцэрты. З Эдуардам было зручна і камфортна ў любой дарозе, у любым гатэлі і перад любой публікай. Паўсюль ён быў дужа надзейны – і за рулём свайго легкавіка (мы за два гады аб’ездзілі амаль усю Беларусь), і на сцэне перад перапоўненымі заламі. У палацах культуры збіралася па 500–700 чалавек. Людзі за маленькую плату ахвотна ішлі развеяцца ад палітычнай неразбярыхі, хоць на нейкія імгненні адысці ад змрочных падзей – афганскай бойні, у якой калечыліся і гінулі нашы хлопцы, паслячарнобыльскай смуты, рассакрэчанай трагедыі Курапатаў...