- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Візіт у Мінск дакладчыка ПАСЕ па Беларусі Сінікі Хурскайнен. Дакладчык па Беларусі камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па палітычных пытаннях Сініка Хурскайнен прыехала ў Мінск, каб “сабраць інфармацыю, сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць тое, што адбываецца ў краіне”. Аб гэтым яна заявіла на першай сустрэчы ў Мінску — з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктарам Гумінскім. Паводле слоў Хурскайнен, яе цікавіць сітуацыя ў Беларусі па трох пытаннях — правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства закона. “Я хацела б даведацца, што зроблена ў Беларусі пасля нашага апошняга візіту. Я ведаю, што ёсць і кепскія навіны, якія тычацца вынясення новых смяротных прыгавораў”, — заўважыла яна. Са свайго боку, Гумінскі выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь рана ці позна стане раўнапраўным членам ПАСЕ. “Мы вітаем ваш візіт, лічым, што ён паслужыць развіццю кантактаў паміж беларускім парламентам і ПАСЕ”, — сказаў дэпутат.