- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларусы болей не хочуць жыць па маскоўскім часе. Заўважылі: апошнім часам беларускі афіцыйны кіраўнік надта ж хваліць калегу Мядзведзева і ганьбіць расійскага прэм'ера Пуціна. Гэта называецца — убіваць клін. Але нумар, здаецца, не выгарыць. Лукашэнка кажа: Мядзведзеў малайчына, мы з ім вунь якія манеўры зладзілі, а Пуцін некалі нават на вучэнні не прыляцеў. І газ нам перакрываў у студзеньскі мароз. Карацей, вось ён, вораг братняга яднання! Разлік зразумелы. Сярод палітолагаў зараз хіба лайдак не разважае пра канкурэнцыю ўнутры расійскага кіруючага тандэма. Маўляў, як піць даць схліснуцца за прэзідэнцкае крэсла ў 2012-м. З Пуціным Лукашэнка даўно як кот з сабакам. Страчваць няма чаго. А вось стаўка на Мядзведзева можа прынесці дывідэнды. Пакуль жа, аднак, аблом. Нават братанне з расійскім прэзідэнтам на манеўрах "Захад-2009" не дапамагло. Бо казна ж — у Пуціна. І ягоны падначалены, міністр фінансаў Кудрын, чарговы раз заявіў: 500 мільёнаў долараў крэдыту ад нас не чакайце! З-за гэтага на саміце СНД у Кішынёве між ім ды Лукашэнкам быў вялікі скандал.