- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адліга была нядоўгай. Беларусь — ізноў тэма нумар адзін на старонках польскіх СМІ. Візіт міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Варшаву, які даўно быў запланаваны на сёння, 12 лютага, да апошняга моманту знаходзіўся пад вялікім пытаннем. Зноў загучалі заклікі да санкцый у адносінах да Беларусі, абвінавачванні, пагрозы. А ўсё таму, што беларускія ўлады ў чарговы раз задаліся ідэяй падпарадкаваць сваім жаданням польскую меншасць. Як вядома, Саюзаў палякаў у Беларусі два. Адзін прызнаны беларускімі ўладамі, другі — польскімі. Як паведамляла наша газета, нядаўна два саюзы сутыкнуліся ў Івянцы, дзе міліцыя захапіла і апячатала будынак Дома польскага, які належыць саюзу на чале з Анжалікай Борыс. У выніку — сур'ёзны дыпламатычны і міжнародны скандал. Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін быў адкліканы ў Варшаву для кансультацый. Беларускаму паслу ў Польшчы Віктару Гайсёнку перададзена негатыўная рэакцыя польскага кіраўніцтва на тое, што адбылося ў Івянцы. І з кожным днём скандал набывае ўсё больш шырокія абароты.