- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За 27 гадоў беларускія ўлады не аднойчы паланілі «Народную Волю». І кожны раз яе вызваленне адбывалася ў няпростых варунках. Надзвычай цяжкія выпрабаванні давялося пераадольваць нашай дэмакратычнай ластаўцы і ў апошнія шэсць месяцаў. Мінулай восенню яна не па сваёй волі вымушана была адляцець у вырай, і толькі сёння, як вы, шаноўныя чытачы, заўважылі, вярнулася на радзіму ў ранейшым выглядзе. Перад вамі нумар, які нарэшце зноў аддрукаваны ў папяровым варыянце. Тыя нашы сябры, прыхільнікі свабоднага слова, якія доўгі час не мелі магчымасці знаёміцца з матэрыяламі газеты ў электронным фармаце, цяпер з радасцю могуць узяць у рукі «Народную Волю» і наталяцца кожным яе радком. Адроджваецца пакрысе Беларусь, адроджваецца наша і ваша «Народная Воля»! Пакуль у выдавецтве «Беларускі Дом друку» ніяк не могуць «адрамантаваць» станок, на якім некалі тыражаваліся незалежныя газеты, у тым ліку і наша, мы ў чарговы раз знайшлі паліграфічную базу ў той жа Маскве. Заключылі дамову і, калі нішто не перашкодзіць, будзем працягваць друкаваць «Народную Волю» ў Белакаменнай, дастаўляць у Мінск аўтаперавозчыкамі і саматужна, з дапамогай валанцёраў распаўсюджваць па ўсёй краіне.