- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, які лёсавызначальны дэкрэт ён анансаваў тыдзень таму. Паводле яго слоў, гэты дэкрэт будзе прадугледжваць, што ў выпадку ягонай смерці функцыі прэзідэнта павінен выконваць Савет бяспекі. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта абсалютна антыканстытуцыйны характар гэтага рашэння. Бо ў цяперашняй Канстытуцыі дакладна прапісана, што ў выпадку, калі прэзідэнт не можа выконваць свае абавязкі, улада пераходзіць да прэм’ер-міністра. Усё ясна і зразумела. Больш за тое, хачу нагадаць, што тыя раздзелы Канстытуцыі, якія тычацца органаў дзяржаўнага кіравання, могуць прымацца толькі ўсенародным рэферэндумам. І ніяк інакш. Нават у краінах з манархічным рэжымам дзейны манарх не мае права адвольна, па ўласным разуменні прымаць рашэнне, хто зойме трон пасля ягонага сыходу. Дзейнічае закон аб парадку атрымання ў спадчыну пасада. Таму анансаваны дэкрэт з такім зместам – гэта антыканстытуцыйная дыверсія. Упершыню з 1996 года Лукашэнка так яўна і відавочна збіраецца парушыць Канстытуцыю. Фактычна Лукашэнка прапануе перадаць уладу вайскоўцам. Бо ў складзе Савета бяспекі дамінуюць кіраўнікі сілавых структур. Чаго раптам? Чаму Лукашэнка не захацеў дачакацца прыняцця новай Канстытуцыі, каб там прапісаць гэтую норму, а ўводзіць перамены ў сістэме дзяржкіравання надзвычайнымі метадамі?