- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Памятаю, як у сярэдзіне 1970-х з рук у рукі хадзіў па Мінску размножаны на капіравальным апараце машынапісны тэкст пад назвай «Сто старонак». Тэкст быў без подпісу, але чытачы ведалі: яго аўтар Мікола Ермаловіч. Гэта была сур’ёзная гістарычная праца, у якой насуперак тагачаснаму афіцыёзу сцвярджалася, што мы, беларусы, – самастойная еўрапейская нацыя, што ніякія літоўцы ніколі нас не заваёўвалі, а Вялікае Княства Літоўскае – наша старажытная дзяржава. З надыходам галоснасці тыя «100 старонак» былі выдадзены асобнай кнігай – як «Гісторыя аднаго міфа», прычым масавым накладам. Следам прыйшла да чытача і Ермаловічава «Старажытная Беларусь», за якую аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага . А пазнаёміліся мы з Міколам Іванавічам у 1988 годзе ў майстэрні мастака Аляксея Марачкіна. Запомніўся ён мне тактоўна ўважлівым у размове, у ім не было ні кроплі самаўпэўненасці. Перакінуліся коратка ўражаннямі ад тагачаснае перабудовы, што разнявольвала грамадскую думку, руйнуючы застарэлыя міфы, рэабілітуючы многія імёны. Праз год праз Беларускі фонд культуры мы запрасілі Ермаловіча выступіць з лекцыяй «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» перад беларусамі ў Маскве.