- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасля працяглай хваробы ў Мінску 17 мая памёр заснавальнік TUT.BY, грамадскі дзеяч і мецэнат Юрый Зісер. Юрыю Зісеру было 59 гадоў, ён нарадзіўся ў Львове. Яго бацька быў інжынерам, маці – музыкантам. У 1980-х гадах Юрый Зісер пераехаў у Мінск услед за сваёй будучай жонкай, культуролагам Юліяй Чарняўскай. Некалькі гадоў Юрый Зісер працаваў сістэмным праграмістам у даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння. Пасля адукацыйнай паездкі ў ЗША ў 1999 годзе загарэўся ідэяй стварыць беларускі Yahoo – так у 2000 годзе з бясплатнай пошты стартаваў партал TUT.BY. Юрый Зісер сам неаднаразова публікаваўся на TUT. BY. Займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартапруху, ментарам. Актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам, але аб гэтай сваёй дзейнасці практычна не расказваў. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне з Юрыем Зісерам пройдзе ў вузкім коле. Сям’я Юрыя Зісера просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраванне на барацьбу з COVID-19. У сваім акаўнце на Facebook жонка Юрыя Зісера Юлія Чарняўская напісала, што яе муж чатыры гады змагаўся з цяжкай хваробай і нядаўна ляжаў у шпіталі.