- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рабаўніком банка аказаўся 25-гадовы ўраджэнец Добрушскага раёна. Апошнім часам ён жыў у пасёлку Камунар, што пад Гомелем. Быў прадпрымальнікам, займаўся абслугоўваннем дымаходаў. Меў і пабочную жарсць – дужа захапляўся таталізатарам і гульнёй у анлайнказіно. Праз гэту сваю жарсць узяў крэдыты па 2–3 тысячы рублёў у трох банках. Разлічвацца не было чым. Прызнацца ў гульнявой маніі жанчыне, з якой жыў і меў дзіця, не хапіла духу. Відавочна, і першай сям’і, дзе таксама гадавалася дачка, патрабавалася фінансавая падтрымка. Вось і вырашыў прадпрымальнік крэдыты ў банках пагасіць… “з дапамогай банкаў”. 10 студзеня блізу 16 гадзін мужчына, схаваўшы твар пад шалікам, уварваўся ў аперацыйную залу аддзялення “Беларусбанка” ў пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна. У руках – пісталет. Пагражаючы ім, мігам абчысціў касу – закінуў у поліэтыленавы мяшок 4 тысячы беларускіх рублёў, 30 тысяч расійскіх і 1 тысячу долараў ЗША. Агулам – на 11,3 тысячы беларускіх. Міліцыя ўвяла ў рэгіёне план “Сірэна”, але рабаўніка не затрымалі. Праз два месяцы гульняман падобным чынам узяўся абрабаваць аддзяленне “Беларусбанка” ў аграгарадку Бабовічы Гомельскага раёна, але не атрымалася. Касір грошы не аддала і паспела націснуць трывожную кнопку. Мужчына збег, аднак праваахоўнікі неўзабаве яго вылічылі і арыштавалі. Для застрашвання ён выкарыстоўваў цацачны пісталет, падобны на сапраўдны, чорную куртку з капюшонам і пальчаткі. Прыязджаў на аўтамашыне.