- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пабачыўшы Анатоля Лябедзьку пасля месяца зняволення на Акрэсціна, я не адразу яго пазнаў. Экс-старшыня АГП выглядаў як з крыжа зняты. Спакутаваны твар, нявыспаныя патухлыя вочы, даўно не голенае шчацінне, рэзка пазначаныя зморшчыны – як быццам чалавек не пасля адміністрацыйных сутак з ізалятара часовага ўтрымання выйшаў, а адбыўшы год катаргі ў якім-небудзь даўно замежным нерчынскім рудніку. Зразумела, што ІЧУ не курорт, і трыццаць сутак – тэрмін сур’ёзны, але ж каб да такога стану давесці…Аказалася, стан мог быць яшчэ горшы. Бо тое, што вырабляюць з палітычнымі зняволенымі ў вязніцы на Акрэсціна, можна назваць толькі адным словам – катаванні. Анатоль Лябедзька – сядзелец са стажам, чалавек бывалы і загартаваны, але і ён быў агаломшаны бесчалавечным стаўленнем тамтэйшых службоўцаў да людзей, чыя віна, вобразна кажучы, высмактана з пальцаў функцыянераў у судзейскіх мантыях. Скажам, той жа Лябедзька атрымаў свае 30 сутак толькі за тое, што прыйшоў пад будынак суда Кастрычніцкага раёна Мінска, дзе ў той дзень разглядалася «студэнцкая справа», таксама шытая белымі ніткамі.