- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помніце, быў такі папулярны мультфільм «Прыгоды капітана Урунгеля»? Героі мульціка перад адпраўкай у кругасветнае плаванне прышрубавалі да борта яхты шыльду з назвай «Победа». Маўляў, як карабель назавеш – так ён і паплыве. Але яхта, ад залпа бутэлек з шампанскім атрымаўшы рэактыўную хаду, яшчэ ў гавані згубіла дзве першыя літары і выправілася ў мораакіян як «Беда». А каманда таго не ведала і плыла, як на «Победе»… Той вясёлы мультфільм успомніўся мне пасля навіны з маёй роднай Зэльвы пра вывешаныя ў райцэнтры двухмоўныя вулічныя шыльды. Мясцовыя ўлады скамандавалі напісаць іх на рускай і англійскай мовах. Шыльды атрымаліся вялікія, кідкія, вока міжволі за іх чапляецца. А зачапіўшыся вокам, моладзь аж падскоквае, каб на фоне тых надпісаў сэлфі зрабіць (сам бачыў). Аматарам сэлфі і на шпацыр, відаць, выйсці прыемна, сузіраючы такую відавочную далучанасць да заходняга свету. Тупаюць яны, скажам, па знаёмай змалку вуліцы Жэбрака, але ўжо з разуменнем, што дэфілююць па Zhebrak Street. А як экзатычна гучыць Pobiedy Street ці Sovietskaya Street – нават у лонданах і нью-ёрках такіх вуліц няма! Што праўда, няма дазволу на гэткае самаўпраўства і ў беларускім заканадаўстве. У Законе «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў» (артыкул 17) чорным па белым напісана: «У Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову».