- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пекін лічыць, што Мінск і Брусель могуць вырашыць рознагалоссі без пагроз ужывання санкцый. Пра гэта заявіў у сераду амбасадар КНР у Маскве Чжан Ханьхуэй, каментуючы пагрозу Аляксандра Лукашэнкі абмежаваць транзіт тавараў праз тэрыторыю краіны ў адказ на санкцыі ЕС. Паводле яго, Кітай звярнуў увагу як на заяву Лукашэнкі, так і на нядаўняе пашырэнне эканамічных санкцый ЕС. «Мы кажам, што няма дыму без агню. Кітай паслядоўна выступае супраць неабгрунтаванага прымянення аднабаковых санкцый у міжнародных адносінах, а таксама супраць выкарыстання санкцый для ўзаемных пагрозаў. Кітай выступае супраць умяшання замежных сіл ва ўнутраную палітыку Беларусі», – падкрэсліў ён. Амбасадар дадаў: «Кітай спадзяецца, што зацікаўленыя бакі змогуць вырашыць існуючыя рознагалоссі належным чынам». Як падкрэсліў Чжан Ханьхуэй, Пекін спадзяецца, што бакі не будуць падрываць стабільнасць у рэгіёне. Кітайскі мегапраект «Адзін пояс, адзін шлях», сутнасць якога – у транспартным калідоры паміж Кітаем і Еўропай, прадугледжвае транзітны шлях для тавараў, у тым ліку і праз Беларусь. Падчас візіту ў Беларусь у маі 2015 году старшыня КНР Сі Цзіньпін казаў, што Беларусь мае ўнікальныя перавагі для развіцця Эканамічнага пояса Шляху, бо размешчаная адначасова ў цэнтры Еўропы і на Шаўковым шляху. Тады ён выказаў надзею, што кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» у Беларусі можа стаць пярлінай Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.