- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая ад сціпласці відавочна не памрэ. Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў заявіла, што ў цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічаюць толькі два сур’ёзныя палітыкі – яна ды Аляксандр Лукашэнка. Між тым вобраз Канапацкай шмат у каго трывала асацыіруецца найперш са шлейфам скандалаў: яе выключылі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, не дапусцілі да апазіцыйных праймерыз, яна пацярпела фіяска, спрабуючы арганізаваць кампанію “Наперад, Беларусь!”. Нарэшце, на цяперашніх выбарах Цэнтрвыбаркам дзіўным чынам налічыў гэтай прэтэндэнтцы значна болей подпісаў за вылучэнне, чым яна, паводле ўласнай заявы, здала. А яе спроба заднім днём патлумачыць фенаменальны вынік прывяла да новага скандалу. Канапацкая сказала, што на адным БелАЗе пашэнціла сабраць аж восем тысяч подпісаў. Між тым пазней высветлілася, што ва ўсім Жодзіне за яе сабралі толькі 83 подпісы. І вось вам новая заява з разраду “хоць стой, хоць падай”. Былая дэпутатка адмовілася ад удзелу ў дэбатах кандыдатаў, ды ў якім стылі: “Як дасведчаны і сталы палітык я не маю ні права, ні жадання спаборнічаць з загадзя больш слабымі апанентамі. Удзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак, якое складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчатак-рагатушак, дазволіць сабе не магу ніяк. Мне неўзабаве яшчэ краінай кіраваць”. Адна рэч – абгрунтаваная крытыка палітычных сапернікаў, але ж тут – проста кактэйль з нахабнай самаўпэўненасці і ярлыкоў.