- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Тры чалавекі загінулі падчас пратэстных акцый – Генадзь Шутаў у Брэсце, Аляксандр Тарайкоўскі ў Мінску, Аляксандр Віхор у Гомелі, сотні траўмiраваных, больш за 10.000 затрыманняў грамадзян сілавікамі, 58 палітычных зняволеных – вось няпоўны рахунак рэпрэсій у Беларусі за апошнія месяцы. Чаму, скажыце, чаму нельга было ўладам правесці чэсна, дэмакратычна, без паўсюдных фальсіфікацый прэзідэнцкія выбары? А цяпер беларускі народ працягвае бараніць свае законныя правы, сваю годнасць. Вось што адбывалася ў Мінску ў мінулыя выхадныя. Затрыманні ўдзельнікаў нядзельнай акцыі пачаліся яшчэ да пачатку маршу ў розных пунктах горада – сілавікі спрабавалі не пусціць людзей у цэнтр. Затрыманні адбываліся ў раёне метро «Грушаўка», на вуліцах Маякоўскага, Залатая Горка, Кузьмы Чорнага, Сурганава і ў іншых месцах. Нягледзячы на гэта, да 15.00 на праспекце Пераможцаў сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Спачатку яны рушылі ў накірунку стэлы «Мінск – горад-герой», а затым – у бок спарткомплексу «МінскАрэна», у бок мікрараёна «Дразды», дзе размешчана рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і побач жывуць іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Каля «Мінск-Арэны» дарогу дэманстрантам перагарадзілі сілавікі са зброяй, аўтазакі і вайсковая спецтэхніка – машыны «Рубеж», вадамёты. Каля паўгадзіны ўдзельнікі маршу і кардон сілавікоў стаялі твар у твар, затым калона дэманстрантаў развярнулася і рушыла назад. У раёне станцыі метро «Пушкінская» адбыліся брутальныя затрыманні.