- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аляксандр Казулін: «Абскарджваць гэтае ганебнае рашэнне не буду, не хачу ўніжацца…» У судзе супраць Казуліна сведчылі міліцыянеры з мінскага палка асобага прызначэння, якія яго не затрымлівалі. Яны блыталіся ў паказаннях, аднак суддзя Міхаіл Хома прызнаў Аляксандра Казуліна вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў яго штрафам у 700 тысяч беларускіх рублёў. Казуліна судзілі за тое, што быццам бы ён лаяўся матам на вуліцы Леніна 6 мая пасля судовага працэсу над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. Разам з Казуліным былі затрыманы Алесь Макаеў, Мікола Дземідзенка і Уладзімір Яроменак. Суддзя Хома іх таксама пакараў штрафам — на 15 базавых велічынь кожнага. Гэта 525 тысяч рублёў. — Спачатку падумалася, што гэтае рашэнне буду абскарджваць, — расказаў пасля суда Аляксандр Казулін. — Бо гэта быў цырк. Сведчылі Дзмітрый Чэвушаў і Віктар Ляшковіч, якія мяне не затрымлівалі. Калі я паказаў суддзі мінулы нумар "Народнай Волі", дзе надрукаваны здымак, як мяне вядуць у міліцэйскі аўтобус зусім іншыя міліцыянеры, ён быў у шоку. Але каб прыняць чэснае рашэнне, пачаў зацягваць працэс і за гэты час у суд прыйшоў адзін з тых, хто мяне затрымліваў 6 мая. А Чэвушаў і Ляшковіч блыталіся ў паказаннях. Адзін казаў, што быццам бы зрабіў мне заўвагу на скрыжаванні Леніна і Кірава, другі — на скрыжаванні Леніна і Маркса. Ляшковіч сцвярджаў, што быў з напарнікам у чорнай службовай вопратцы, Чэвушаў называў камуфляжную форму.