- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У мінулую нядзелю Мінск у каторы раз нагадваў франтавую зону. Стваралася ўражанне, што сталіцу акупіравалі варожыя войскі, а жыхары горада аб’ядноўваліся ў групы і калоны, каб вызваліць яго ад захопнікаў. Драматызм сітуацыі ўзмацняўся з кожным сутыкненнем сілавікоў з людзьмі, якія вырашылі ўзяць удзел у “Маршы супраць фашызму”. Вось ля магазіна “Алмі”, што ў Фрунзенскім раёне, сабралося прыблізна тысяча чалавек. Пад’ехала вялікая колькасць амапаўцаў і іншых сілавікоў, калона пратэстуючых адышла. Нехта з тых, хто затрымаўся, выгукнуў: “А што, ужо і ў магазін нельга зайсці?” Падскочылі “чорнарубашачнікі” і ў імгненне вока скруцілі яго і закінулі ў бус з цёмнымі вокнамі. Затрыманні людзей адбываліся ў розных частках горада і пры розных абставінах. Адразу пасля 16 гадзін незалежныя сайты паведамілі, што на вуліцы Прытыцкага, насупрць дома №160, людзі ў балаклавах спынілі аўтамабіль, разбілі шкло бакавых вокан, выцягнулі вадзіцеля, закінулі яго ў мікрааўтобус і некуды з’ехалі. Кропкавыя затрыманні гараджан адбываліся ля гандлёвага цэнтра “Брэст”. Дзеянні амапаўцаў нагадвалі поўны абсурд. Два аўтобусы з сілавікамі рухаліся па кругу, спыніліся ля пешаходнага пераходу, з іх выскачылі амапаўцы і схапілі мужчыну, які чакаў зялёнага сігналу святлафора. А вось карцінка, якая сведчыць пра тое, што з тымі, хто вось ужо чацвёрты месяц кожную нядзелю выходзіць на пратэстную акцыю, ужо не так проста справіцца сілавікам.