- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зноў нядзельная раніца ў Мінску была абуджана калонамі ваеннай спецтэхнікі – з боку Уручча цягнуліся комплексы “Рубеж”, вадамёты, аўтазакі… На вачах горад ператвараўся ў нейкі ваюючы гарнізон. Цэнтральныя станцыі метро закрылі, з’явілася металічная агароджа вакол Стэлы і Кастрычніцкай плошчы. Праўда, праз некаторы час уваходы і выхады станцый метро разблакіравалі, знялі таксама агароджу ля Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і побач з Палацам Рэспублікі. Сілавікі, якіх была процьма і якія рассеяліся па ўсіх раёнах сталіцы, з імпэтам узяліся за разгон мірных людзей, як толькі яны пачыналі збірацца ў тым ці іншым месцы. Заўважалася: дзейнічаць амапаўцам, службоўцам асобых падраздзяленняў унутраных войск, міліцыі ўсё цяжэй і цяжэй. І перш-наперш таму, што вось ужо трэція выхадныя пратэстныя акцыі праходзіяць у новым фар- маце – каб раздрабіць сілавікоў і зменшыць колькасць затрыманняў, людзі цяпер не ідуць калонамі на адну вызначаную плошчу, а ладзяць лакальныя шэсці, у асноўным па месцы жыхарства. Найбольш масавыя акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі адбыліся ў мікрараёнах Уручча, Сухарава, Лошыца, ля Камароўскага рынку, у Грушаўцы, на Старажоўцы, Партызанскім праспекце. Людзі скандзіравалі “Верым! Можам! Пераможам!”, “У новы год без дыктатуры!”, “Палітзняволеных на волю!”, а таксама чуліся гучныя воклічы ў падтрымку журналістаў, якіх улады кінулі за краты з узбуджэннем крымінальных спраў.