- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Крыху пра талерантнасьць. Каляднае пасланьне апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа айца Аляксандра Надсана. З набліжэньнем Калядаў вялікія і малыя гарады ў Англіі, дзе я жыву, прымаюць сьвяточны выгляд: ялінкі на плошчах, вулічныя асьвятленьні і ўпрыгожаньні, надпісы ў вокнах, якія жадаюць усім «Merry Christmas што значыць — радаснага сьвята Нараджэньня Хрыста. Усё гэта, магчыма, ня мае асаблівага дачыненьня да сутнасьці сьвята, але стварае прыемнае пачуцьцё агульнай добразычлівасьці, і прыносіць усім шмат нявіннай радасьці. Але вось у гэтым годзе ўладам аднаго вялікага гораду такі радасны перадсьвяточны настрой прыйшоўся недаспадобы, і яны вырашылі скасаваць усе публічныя праявы Калядаў. Яны апраўдвалі свой учынак тым, што ў шматкультурным і шматрэлігійным грамадзтве хрысьціянскае сьвята можа абражаць пачуцьці шматлікіх нехрысьціянаў — мусульманаў, індусаў і іншых, што жывуць у гэтым горадзе.