- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі. БНФ узнік на хвалі нацыянальнага ўздыму, беспасярэднім штуршком да якой стала адкрыццё двума археолагамі, Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым, масавых пахаванняў ахвяраў сталінскага рэжыму ў Курапатах пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газеце "Літаратура і мастацтва" друкуецца сенсацыйны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва аб масавых расстрэлах у Курапатах. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расследаванні масавых пахаванняў. 19.10.1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму "Мартыралог Беларусі", заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў, Саюз кінематаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва", і на гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ "Адраджэньне", канцэптаванага як грамадска-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаванне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадскія аб'яднанні. Аргкамітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсліў скіраванасць руху (дэмакратычныя рэформы, рэальны суверэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, правы чалавека). Устаноўчы з’езд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25.6.1989 у Вільні, бо правесці яго ў Менску не дазволіў Прэ-зідыюм ВС БССР.