Навіны палітвязьняў: Эдуард Бабарыка стаў рэкардсмэнам па знаходжаньні ў СІЗА падчас сьледзтва
2023-01-04 16:16
Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1446 чалавек. Аднак дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.
Брэдзелева перавялі ў Баранавічы
Палітзьняволенага прэс-сакратара мабільнага апэратара A1 Мікалая Брэдзелева да разгляду апэляцыйнай скаргі перавялі ў баранавіцкае СІЗА,
паведамляе «Вясна».
24 кастрычніка Брэдзелеву прысудзілі 4 гады калёніі паводле двух артыкулаў КК: ч. 2 арт. 424 («злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).
Справу Брэдзелева разглядалі ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме.
За кратамі Мікалая ўтрымліваюць з 10 сьнежня 2021 году. Праваабаронцам вядома, што сілавікі білі яго пасьля затрыманьня.
Эдуард Бабарыка — рэкардсмэн у знаходжаньні ў СІЗА падчас сьледзтва
Сын Віктара Бабарыкі Эдуард Бабарыка стаў рэкардсмэнам Беларусі ў знаходжаньні ў СІЗА падчас папярэдняга сьледзтва — 2,5 гады. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Уладзімер Пыльчанка, якога пазбавілі ліцэнзіі.
Таксама ён
падзяліўся іншымі фактамі, як Эдуард перажывае зьняволеньне.
У СІЗА адна маленькая камэра і адзін маленькі прагулачны дворык. Вось да такіх памераў сьціскаецца жыцьцё чалавека.
Спатканьне з «топавымі» зьняволенымі праходзяць у пакоі для асабліва небясьпечных злачынцаў. Памяшканьне падзелена перагародкай, у якой ёсьць плястыкавае акенца і яшчэ сетка-рабіца.
Нічога падобнага на крымінальны працэс там няма. Чалавек проста як закладнік знаходзіцца ў ізаляцыі, відавочна, для ціску на бацьку.
Эдуард не марнуе часу. Шмат чытае, адкрывае новыя сфэры, навучыўся клясна маляваць.
Статкевіч пра ШЫЗА
Палітвязень Мікалай Статкевіч
прыслаў жонцы ліст. Ён датаваны
29 сьнежня, калі палітычны дзеяч выйшаў з штрафнога ізалятару.
«Я там хаджу, бо месца там не раўнуй болей, чым у адзіночках. Тым болей што ў маёй цяперашняй камэры, як ні скарочвай крок, болей за чатыры ад вакна да дзьвярэй не атрымоўваецца. Ды й „бонусаў“ у 5-7 см у шырыню, які быў паверхам вышэй, таксама няма. Бо сьцены таўсьцейшыя. Затое цяплей».
Лістоў ад іншых людзей
Статкевіч не атрымлівае; мяркуе, што іх не прапускаюць.
«Але падзякуй ад мяне усім, хто спрабаваў павіншаваць мяне, хто маліўся за нас. Мае калядныя віншаваньні ўсім ім. А таксама каляднае пажаданьне людзям нашай і суседніх краін — „Міру і волі!“ На жаль, досьвед былых каляніяльных дзяржаў (Англіі, Францыі, Партугаліі і г.д.) сьведчыць — адзіны эфэктыўны сродак ад імпэрскіх комплексаў нацыі — гэта кроў яе сыноў».