- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
14 траўня 1923 г. у Беластоцкім акруговым судзе пачаўся працэс 45-ці беларускіх дзеячаў, абвінавачаных ва ўдзельніцтве ў нелегальнай беларускай арганізацыі і спробе адарвання шляхам узброенага паўстання паўночна-ўсходняй часткі Польшчы з мэтай далучэння яе да Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізацыя, паводле абвінаваўчага акту, прыняла канкрэтныя меры па здзяйсненні пастаўленых кіраўніцтвам мэтаў. Доказам гэтаму было знойдзенае ў падпольшчыкаў узбраенне — 10 пісталетаў розных марак і 7 заржавелых вінтовак. Нават польскі суд сцвердзіў, што ўпершыню разглядае канфлікт паміж дзвюма нацыянальнымі ідэямі — польскай і беларускай, якія спасылаліся на права народаў да незалежнасці і ўзаемна выключаліся. Усходняя Беласточчына ці Гродзеншчына, якія для палякаў былі неад’емнай часткай іх краіны, беларускімі дзеячамі акрэсліваліся „акупаванай палякамі часткай Беларускай Народнай Рэспублікі”. (Я. Мірановіч, Партызаны ці тэрарысты?, фрагмэнт)