- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гацькі — невялікая мясцовасць непадалёк Бельска, якую складаюць тыповая беларуская вёска ды адзін жылы корпус, што астаўся ад дзяржаўнай аграрнай гаспадаркі, якая тут была ў часы так званага сацыялізму. Агулам у Гацьках цяпер пражывае шэсцьдзесят сем’яў, калі ўлічваць дзесяць адзінокіх асоб. Усіх жыхароў тут сто восемдзесят. Можна сказаць, што ў сярэднім жыхары Гацькоў з’яўляюцца маладымі. Дзяцей i моладзі больш чым бабулек i дзядуляў. На працягу 2006 года трое жыхароў адышло ў вечнасць, прытым памёр найстарэйшы жыхар, якому мала бракавала да стогадовага ўзросту. Цяпер ніхто не хоча прызнавацца да звання найстарэйшага ў вёсцы. Мінулы год быў асаблівы з за чатырох вяселляў, што не здаралася за апошнія пяць гадоў. На жаль, тры маладыя пары, згуляўшы вяселле ў бацькоў, пасяліліся жыць у горадзе. Адны маладажоны засталіся ў вёсцы i такім чынам апошнім часам у Гацьках маем наймалодшага, адзінага народжанага ў гэтым годзе, вяскоўца, якога назвалі Матэвушам. Асаблівасць вёскі яшчэ i ў тым, што няма пустуючых хатаў, хаця некаторыя ўласнікі жывуць у іншых мясцовасцях, але часта наведваюць свае сялібы... (Я. Мордань, 2006 год у Гацьках, фрагмэнт)