- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
І чаго тут цешыцца? Дажджы, імглы, настальгія, аголеныя дрэвы ці, як спявае адна з беларускіх бардэс, адзінота ў лістападзе. Ёсць аднак сведкі на тое, што ў адным з падляшскіх гарадоў штогод на працягу трох дзён восень мае іншы твар. Тады ў сонцы блішчаць апошнія каляровыя лісты, а ранішнія імглы ствараюць лянівы, спакойны пейзаж, часткай якога з’яўляемся і мы самі. У сэрцы гэтага краявіду знаходзіцца Бельскі дом культуры, дзе пятнаццаты раз прайшоў фестываль „Бардаўская восень”. — Ці вы заўважылі, што на „Барды” заўсёды свеціць сонца? — пытаўся сёлета Міхал Анемпадыстаў. Сонца — гэта таксама адзін з сімвалаў Звязу беларускай моладзі, які ладзіць адно, бясспрэчна, з важнейшых святаў беларускай музыкі. Не без прычыны колерамі фестывалю з’яўляюцца фарбы лістоты, але хаця яны пераходныя, то характар „Бардаў” акрэслены ўжо пару гадоў. Гэты год даказаў, што гэта спелы фестываль, але са шматлікімі мінамі на сваім твары. (І. Карпюк, Адчыняйце дзверы: восень ідзе!, фрагмэнт)