- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нядаўна прагучала сумная вестка, што згарэла частка Нясвіжскага замка. За кошт вялікіх сродкаў ад некалькіх гадоў праводзіцца рамонт гэтага помніка архітэктуры і гісторыі Беларусі. Гэта адзін з нешматлікіх замкаў, які ператрываў камуністычнае варварства, калі знішчалася ўсё, што магло вяртаць гістарычную памяць. У 1945 г. у замку была змешчана санаторыя, што выклікала патрэбу правядзення неабходных рамонтаў. У Беларусі часта можна пачуць, што адрамантаваны замак мае стаць рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Савецкія чыноўнікі заўсёды мелі такія імкненні, таму што камунізм мае шмат супольнага з феадалізмам. Замак аднак як помнік культурнай спадчыны Беларусі раней ці пазней стане агульнанацыянальнай уласнасцю, як кракаўскі Вавель у палякаў. Беларусам Беласточчыны лягчэй было пабачыць замак французскіх каралёў у Версалі, чым Радзівілаў у недалёкім мястэчку ў Беларусі. Нясвіжскі замак, як і версальскі, з’яўляецца сімвалам эпохі феадалізму, які апрача прыгоннага права нёс з сабой і своеасаблівую элітарную культуру. Гісторыя Нясвіжа паказвае, што яе стваральнікамі былі таксама прыгонныя сяляне. (Я. Мірановіч, Нясвіжскі замак, фрагмэнт)