- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хаця няма яшчэ вынікаў мінулагодняга перапісу насельніцтва, аднак можна спадзявацца, што колькасць беларусаў у Польшчы будзе невялікая. Аптымістычны вынік не павінен перасягаць лічбы 30 тысяч. Зразумела, афіцыйна пададзеная колькасць не будзе мець нічога супольнага з рэальным станам, таксама як не маюць нічога супольнага з рэальнасцю лічбы, якімі акрэсліваюць беларускае грамадства ў Польшчы нашы дзеячы. Асіміляцыя сталася фактам і пераважная большасць праваслаўных сёння лічыць сябе палякамі. Дзяржаўны апарат працаваў над такім ходам спраў дзесяткі гадоў. На вынікі перапісу вялікі ўплыў мелі анкецёры, якія хадзілі па хатах з анкетамі. У большасці былі гэта людзі з пачуццём патрыятычнай місіі, менталітэтам абаронцаў польскасці „крэсаў”. Нацыянальнасць часам упісвалі самі, не пытаючы рэспандэнтаў, а калі нехта пратэставаў, што не з’яўляецца палякам, тады пераконвалі старым аргументам: „W Polsce pan mieszka wiec jest pan Polakiem”. У асноўным аднак тыя, якіх да гэтага часу вонкавы свет бачыў як беларусаў, самі заяўлялі пра сваю польскасць. Нават мужыкі, якія самі пра сябе думалі яшчэ нядаўна ў катэгорыях тутэйшасці ці рускасці, цяпер пад уплывам спаланізаваных дзяцей і ўнукаў сталі таксама палякамі. (Я. Мірановіч, Праваслаўныя палякі і татары, фрагмэнт)