- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У сувязі з закрыццём аўтамабільнага руху на памежным пераходзе ў Кузніцы-Беластоцкай выезд з Польшчы ў Беларусь і ў адваротным напрамку значна ўскладніўся. Асталася яшчэ чыгунка, але карыстацца гэтым сродкам транспарту могуць толькі мазахісты і людзі, якія вымушаны хутка перасячы мяжу. У невыносна брудным цягніку Кузніца — Гродна цяжка знайсці месца. Дробныя гандляры папяросамі і спіртнымі напоямі ў вельмі арганізаваны спосаб загадзя займаюць усе месцы. Не хочуць мець выпадковых сведкаў, калі будуць хаваць тавары ў найбольш сакрэтныя тайнікі. Правяраць пасажыраў палякі пачынаюць яшчэ ў Кузніцы. Ад мяжы пасажыры знаходзяцца ў распараджэнні беларускіх мытных і пагранічных службаў. Пакуль цягнік даедзе ў Гродна, мытнікі паспеюць заглянуць у сумкі, а пасажыры — запоўніць адпаведныя дэкларацыі. На вакзале ў Гродне пасажыраў цягніка, які ад’язджаў з Кузніцы 22 лістапада зараз пасля абеду, чакаў яшчэ адзін атракцыён. На пероне акружылі іх пагранічныя службы. Усё адбывалася прыблізна так, як на фільмах паказваецца карная акцыя немцаў у акупаванай Еўропе. Нават невядома чаму пасажыраў цягніка загналі ў залу, якая напамінае клетку з кратамі. Патрымалі 15 хвілін і адпусцілі. Выглядала на тое, што нейкі чэкіст праявіў фантазію і пажартаваў над сваімі грамадзянамі. Мабыць, 99 працэнтаў пасажыраў цягніка складалі жыхары Беларусі. (Я. Мірановіч, На мяжы, у тэлебачанні і палітыцы, фрагмэнт)