- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пабываючы ў канцы лістапада ў Магілёве на канферэнцыі, прысвечанай перыядызацыі гісторыі Беларусі, у выступленнях большасці калег з Рэспублікі Беларусь пачуў я тэзіс, што да падзелаў Рэчы Паспалітай беларусы жылі ў сваёй дзяржаве. Паўстанне Касцюшкі, лістападаўскае і студзеньскае паўстанні ўлічвалі яны да беларускай ваеннай традыцыі. Раней савецкая гістарыяграфія даказвала, што працоўны люд Беларусі гадамі чакаў вызвалення Расіяй ад польска-каталіцкага прыгнёту. У канцы XVIII стагоддзя прыйшла расійская армія і прынесла доўгачаканую свабоду. Яшчэ больш песімістычна выглядае мінуўшчына Беларусі ў школьных падручніках, на якіх выхоўваліся пакаленні беларусаў. Палітычная гісторыя ў іх звычайна пачынаецца раздзеламі: „Древнерусское государство”, „Старажытная Русь” ці як, напрыклад, у падручніку ад 1998 г. пад рэдакцыяй Яўгенія Новікава і Генадзя Марцуля: „Старажытная дзяржава (Кіеўская Русь) — агульнафеадальная дзяржава ўсходніх славян”. Ад гэтай гістарычнай літаратуры ў маладога чалавека можа скласціся ўражанне, што на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы не ўзнікла свая дзяржаўная традыцыя, а Полацкая дзяржава была толькі адной з састаўных частак ўсходнеславянскай супольнасці пад назвай Кіеўскай Русі. (Я. Мірановіч, Беларуская дзяржаўнасць і гістарыяграфія, фрагмэнт)