- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У размовах звычайных людзей на вуліцы, у крамах, аўтобусах чуваць толькі нараканне — на малыя пенсіі і зарплаты, беспрацоўе, бандытызм на вуліцах, высокія цэны прадуктаў штодзённага карыстання і камунальных паслуг. Пачуццё безнадзейнасці авалодала паасобнымі людзьмі і вялікімі грамадскімі групамі. Ніхто ўжо не верыць, што разам з прыходам новых людзей да ўлады нешта памяняецца. Сродкі масавай інфармацыі штодзённа паказваюць краіну карумпаваных палітыкаў, пракурораў, паліцыянтаў і чыноўнікаў, бяздушных лекараў і звычайных грамадзян, якія прабуюць пратэставаць супраць несправядлівасці ці ліквідацыі адзінай у мястэчку фабрыкі. Эліты тым часам разважаюць як дапамагчы амерыканцам навесці дэмакратыю ў Іраку — пасылаць там салдатаў і самалёты, ці можа толькі даць палітычную падтрымку. Доўгімі гадзінамі дыскутуюць ці прыйшоў Леў да Адама, ці можа Адам да Льва, хто і каму меў даць 17,5 мільёна долараў. Тэлетрансляцыя размовы сеймавай камісіі з рэдактарам „Газеты выбарчай” Міхнікам цягнулася 18 гадзін, таму што паслы пабачылі нагоду выступіць перад тэлекамерамі. (М. Мірановіч, У кіпцюрах безнадзейнасці, фрагмэнт)