У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла новая кніга вершаў паэта Мікіты Найдзёнава з назвай «Праспект Нежалезнасці». Зборнік уключае найлепшыя, пераважна лірычныя вершы, што напісаліся аўтарам з часу выхаду дэбютнай кнігі «Развітанцы» (2015).
Рэдактарам кнігі выступіў паэт, перакладчык і выкладчык
Андрэй Хадановіч. Мастацкае афармленне —
Лізавета Лянкевіч.
«Праспект Нежалезнасці» — другі зборнік Мікіты Найдзёнава. Лірычны герой шпацыруе па бесклапотным Мінску, дзе няма і ценю настальгіі — спрэс каханне, творчыя пошукі і спрадвечныя праблемы «асобы тонкай душэўнай арганізацыі».
***
Фантаны працуюць апошнія дні
апантана і дружна.
Фатальна гараць камізэлькі — агні
камунальнае службы.
Ім шчасце шукаць — як свае рукавы —
сярод смецця і лісця.
Сядаць на дванаццаты, саракавы,
каб на Оперным выйсці,
дзе подыхі лета штоноч халадней,
ну а восень — уяўней;
дзе оперы прывід стаіўся на дне
аркестровае ямы.
Такую сівую легенду наплёў,
нават сам і не ўспрыме,
а прыме не меней як сотку рублёў,
хай сабе і старымі.
Фантаны працуюць апошнія дні,
і ўзнікаюць аднекуль
фантомныя думкі што-небудзь змяніць
і не кінуць манетку.
Мікіта Найдзёнаў, выява з кнігі